З 26 студзеня журналіст на акцыі абавязаны мець ясна бачны знак прадстаўніка СМІ



З 26 студзеня ўступаюць у сілу змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Адно з важных новаўвядзенняў датычыцца работы на масавых мерапрыемствах журналістаў, паведамляе „Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Зараз закон абавязвае журналістаў, якія збіраюцца асвятляць масавае мерапрыемства, браць з сабой дакумент, які пацвярджае асобу, а таксама службовае пасведчанне.

Прычым у новай рэдакцыі закона «Аб масавых мерапрыемствах» падрабязна прапісаны, якія гэта могуць быць пасведчанні. Альбо гэта пасведчанне ад СМІ, зарэгістраванага на тэрыторыі Беларусі, альбо ад інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу, які распаўсюджвае прадукцыя СМІ, альбо дакумент, якія пацвярджае акрэдытацыю журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі. Як быць журналістам тых замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, у законе не ўдакладняецца.

Акрамя таго, журналіст, які знаходзіцца на масавым мерапрыемстве, абавязаны мець ясна бачны адметны знак прадстаўніка СМІ. Гэта можа быць нарукаўная павязка, бэйдж, камізэлька ці іншы апазнавальны знак.

spring96.org

Фота „РІА Навіны”