З 5 спраў за „спайс” – 4 прыходзяцца на Пінск



У Беларусі пасля сёлетняга ўзмацнення адказнасці за распаўсюд і ўжыванне наркотыкаў было заведзена пяць крымінальных спраў за знаходжанне пад наркотыкам у грамадскім месцы. Чатыры крымінальныя справы прыходзяцца на Пінск.

Наркаман

Звыш 30-ці пінчан атрымалі па 10 базавых велічынь штрафу за знаходжанне ў наркатычным стане ў грамадскім месцы. Праваахоўнікі прызнаюцца, што складана змагацца з распаўсюдам сінтэтычнага наркотыку, так званага „спайсу”.

Старшыня Пінскай грамадскай арганізацыі „Маці супраць наркотыкаў” Дыяна Ярмалюк кажа, што залежныя ад сінтэтычнага наркотыку ўвесь раз мяняюць схемы яго атрымання:

– Яны перадаюць з рук у рукі, пакідаюць такія “клады”, “кладаўшчык” – гэта такія словы, якія выкарыстоўваюцца пры распаўсюдзе гэтых разнастайных прэпаратаў. Ёсць пэўныя сайты, дзе можна спісацца па інтэрнэту і перавезці грошы на электронны гаманец, каб пасля пайсці і пад нейкай лавачкай усё гэта забраць. Замаруджвае іх паімку, праваахоўным органам адсачыць гэта вельмі праблематычна.

Па афіцыйных дадзеных у Пінску на ўліку знаходзіцца каля паўтысячы грамадзян і гэтая лічба апошнія пяць год застаецца незменнай.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя