З Адміністрацыі прэзідэнта прыходзяць адпіскі



Ініцыятары анлайн-петыцыі супраць Дэкрэта №3 атрымалі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта. У адказе чыноўнікі раяць грамадзянам, якія трапілі ў катэгорыю „дармаедаў”, звяртацца для вызвалення ад грашовага збора ў мясцовыя органы ўлады. Актывістка Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Яўгенія Стрыжак лічыць такі адказ Адміністрацыі прэзідэнта незмястоўным.

– Такі самы адказ Адміністрацыя прэзідэнта даслала ўсім, хто накіроўваў туды звароты. Звароты былі розныя па змесце, а адказ атрымалі ўсе аднолькавы. Там проста пералічваюцца палажэнні дэкрэту, якія Адміністрацыя раіць прачытаць, і людзям прапаноўваюць звяртацца ў мясцовыя органы ўлады, каб яны вызвалілі па тых нагодах, якія там пералічаныя. Па-сутнасці, Адміністрацыя прэзідэнта адмовілася размаўляць з людзьмі наконт сутнасці Дэкрэту.

Пад анлайн-петыцыяй, размешчанай на платформе zvarot.by, падпісалася 23 тысячы чалавек. Яшчэ 2 тысячы грамадзянаў пакінулі свае подпісы пасля падачы калектыўнага звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель