З архіва Ігара Мельнікава: Другая сусветная вайна на здымках
Выстава „Другая сусветная вайна на фотаздымках з архіва Ігара Мельнікава” адкрылася ў Гародні.
У Цэнтры гарадскога жыцця аўтар прэзентаваў фрагменты з фотаальбома, які рыхтуецца да выдання. Пакуль яшчэ на яго не сабрана грошай, але Ігар Мельнікаў спадзяецца выставай абудзіць цікаўнасць да свайго праекта. Сродкі на выданне цяпер збіраюцца талакой у краўтфаўдынгавай пляцоўцы „Улей”. Кажа аўтар выставы Ігар Мельнікаў:
– Насамрэч Гародня – гэта першае месца, дзе я прэзентую сігнальны экзэмпляр гэтага альбома. На сцяне, як такі цікавы фон, змешчаны здымкі, прэзентаваныя ў гэтым альбоме. У ім больш за 600 здымкаў, але ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця мы прэзентуем каля 50 здымкаў. Такі вынік маёй 10-гадовай працы апошніх часоў.
Выстава ўнікальная, без ідэалагічных абмежаванняў. Адлюстроўвае, якім было жыццё жыхароў Заходняй Беларусі на працягу Сусветнай вайны. Некаторыя здымкі могуць асабліва здзівіць тых, хто вывучаў гісторыю краіны па сучасных школьных падручніках. Кажа Ігар Мельнікаў:
– Перш за ўсё міжваеннае жыццё, прычым не толькі на захадзе, якое зразумелае, напрыклад, гарадзенцам, берасцейцам, маладэчанцам. Але гэта павінна быць зразумела і жыхарам усходняй часткі нашай рэспублікі. Таксама там вялікая гутарка вядзецца пра міжваенны Менск. Гэта ведаюць адмыслоўцы, але жыхары сённяшняй сталіцы Беларусі мала ведаюць пра гэта. І я расказваю, паказаваю, што гэта быў вялікі горад, дзе людзі жылі сваім жыццём, што там была архітэктура і не ўсё было кепска, аднак былі свае цяжкасці.
Наведаць выставу ў Цэнтры гарадскога жыцця можна на працягу тыдня, і засталося яшчэ 20 дзён, каб падтрымаць сродкамі выданне альбома, які выйдзе на беларускай мове і ангельскай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота і відэа аўтара