З БДУ звольнілі беларускамоўнага выкладчыка фізкультуры
Чарговае звальненне з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: Сяргей Моўчан доўгія гады працаваў на фізічным факультэце, выкладаў свой прадмет па-беларуску.
У профілі на сайце ўніверсітэта згадваюцца шматлікія яго ўзнагароды і званні, у тым ліку неаднаразовыя ганаровыя граматы БДУ «за шматгадовую плённую педагагiчную дзейнасць». Але ў 2022 годзе шляхі выкладчыка і ўніверсітэта разышліся. У фэйсбуку ён напісаў, што прапанавалі два варыянты — ці са сканчэннем кантракта, ці па згодзе бакоў. Ён выбраў другі варыянт.
Пачатыя пасля выбараў 2020 года чысткі ў БДУ працягваюцца і праз паўтара года. У снежні звольнілі прафесарку філфака Алу Кожынаву, у лютым — прафесарку Наталлю Абрашыну-Жадаеву, у красавіку — выкладчыка факультэта міжнародных адносін Аляксандра Данілевіча.
Фота: bsu.by