Беларусь адмяніла забарону на ўезд украінскаму пісьменніку (абноўлена)



Беларусь анулявала ўкраінскаму пісьменніку і паэту Сяргею Жадану забарону на ўезд у краіну. Раней Беларускія службы па справах мігрантаў загадалі ўкраінскаму літаратару пакінуць тэрыторыю нашай краіны цягам 72 гадзін. Аднак, не мінула і сутак, як штамп-забарону ў яго пашпарце анулявалі.

Як гэта адбывалася, гаворыць сам Сяргей Жадан:

– Узнялася цэлая хваля абурэння грамадскасці, былі лісты ад пісьменнікаў і былі перамовы палітыкаў. Я думаю, усё гэта разам дало пазітыўны і хуткі вынік. Я, шчыра кажучы, не чакаў, што так завершыцца гэтая гісторыя. Мяне ніхто нікуды не выклікаў, проста забралі пашпарт і праз гадзіну прывезлі яго з ануляванай забаронай. Хочацца верыць, што спрацаваў цвярозы розум і добрая воля, і чыноўнікі зразумелі, што гэта даволі неразумная забарона і яна ні да чаго добрага не прывядзе, толькі да канфрантацыі паміж Украінай і Беларуссю.

Сяргей Жадан прыехаў у Менск на паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова. Пасярод ночы беларускія міліцыянты затрымалі яго ў гатэльным нумары і пратрымалі да раніцы ў пастарунку. Яму было даведзена абвінавачванне, нібыта ён паводле праваахаронных органаў Расеі, занесены да спісу асоб, якія абвінавачваюцца ў супрацоўніцтве з тэрарыстычнымі арганізацыямі.

 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

***

Беларусь анулявала ўкраінскаму пісьменніку і паэту Сяргею Жадану забарону на ўезд у краіну. Рашэнне было прынятае цягам некалькіх гадзін.

„Тое, што пытанне пазытыўна вырашылася, гэта добрае сведчанне, што супярэчанняў паміж намі няма. Вельмі разлічваю на тое, што гэта не тэндэнцыя, а выпадак” – распавёў Свабодзе Сяргей Жадан.

Пісьменнік распавёў, што з ім сустрэўся прадстаўнік МЗС Беларусі і забраў яго пашпарт. „Мне паабяцалі, што дакумент хутка вернуць — з адменай забароны на ўезд”, — патлумачыў Жадан.

Нагадаем, што ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан, які прыехау у Менск, быў затрыманы сілавікамі. Прычына — знаходжанне ў расейскім „чорным спісе” з фармулёўкай „за датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці”. Жадан правёў ноч у камеры і атрымаў забарону на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін.

„А вось вясёлая гісторыя, якая адбылася са мной сёння ў Менску. Каля двух ночы да мяне ў гасцінічны нумар наляцеў міліцэйскі патруль — сур’ёзны і засяроджаны. Нічога не тлумачачы, завезлі ў пастарунак, пачалі прабіваць па базе, нічога не знайшлі. Патэлефанавалі ў КДБ. Там ім параілі ехаць у іншае аддзяленне, Ленінскае. У Ленінскім зноў прабівалі па базе, нарэшце, патлумачылі – аказваецца, мне яшчэ ў 2015-м забаронены ўезд на тэрыторыю РФ (якая прыкрасць) з фармулёўкай „за датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці”. А паколькі Беларусь і Казахстан знаходзяцца з РФ у адной візавай зоне (не пашанцавала), то забарона аўтаматычна пераходзіць і да Беларусі з Казахстанам. І калі немагчымасць патрапіць у Казахстан я яшчэ неяк перажыву, то за Беларусь крыўдна. Начаваць прыйшлося ў камеры. Раніцай доўга пісалі тлумачальныя, распытвалі пра тэрарызм. У рэшце рэшт, паставілі штамп аб забароне ўезду ў Беларусь на нявызначаны тэрмін.

І вось што я думаю. Дарагія сябры з МЗС і пасольства Украіны ў Беларусі, гэта ж няправільна, калі ўкраінскіх паэтаў арыштоўваюць без тлумачэння і трымаюць у камеры без прычыны? Правільна ж? Можа неяк адрэагуеце? Давайце, скажам, разарвем з імі дыпламатычныя адносіны. Або аб’явім ім Крыжовы паход. Калі ласачка”, – напісаў ён у Фэйсбуку.