З Беларусі высылаюць трох каталіцкіх святароў



Беларускія ўлады не працягнулі дазвол на пастырскае служэнне тром польскім святарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

2011 Wroclaw koloratka ksiadz kosciol modlitwa Fot. Pawel Koziol / WP.PL

На афіцыйным партале касцёла апублікаванае паведамленне мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, згодна з якім дазвол не працягнулі пробашчу парафіі святога Казіміра ў Магілёве айцу Раману Шульцу, пробашчу парафіі Міхаіла Арханёла ў Івянцы (Менская вобласць) айцу Леху Баханэку і пробашчу парафіі найсвяцейшага Сэрца Езуса і святога Крыштафа ў Калодзішчах (Менскі раён) айцу Ежы Катоўскаму.

Мітрапаліт Кандрусевіч таксама паведамляе, што 11 ліпеня ён разам з дыяцэзіяльным вікарыем Магілёўскай вобласці Аляксандрам Яшэўскім сустрэўся з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанідам Гулякам, каб высветліць прычыну адмовы ў служэнні для гэтых святароў і папрасіць перагледзець гэтае рашэнне. „Аднак з вялікім шкадаваннем я павінен паведаміць, што мы не даведаліся пра канкрэтныя прычыны такога рашэння і пачулі рашучую адмову ў магчымасці іх далейшага служэння ў Беларусі”, — адзначыў каталіцкі іерарх.

Ён падкрэслівае, што названыя святары „доўга і вельмі плённа служылі вернікам Беларусі — будавалі і рамантавалі касцёлы, катэхізавалі, займаліся хрысціянскім выхаваннем дзяцей і моладзі, дабрачыннасцю”. „Дастаткова толькі паглядзець на касцёл Міхаіла Арханёла ў Івянцы, які дзякуючы намаганням бацькі Леха Баханэка са знішчанага паўстаў зноўку як шэдэўр сакральнай архітэктуры, — адзначае мітрапаліт Менска-Магілёўскі. — А колькі дзяцей штодня прыходзіць на зробленую ім пры касцёле пляцоўку для іх! А якія магчымасці ён стварыў для юнакоў, дзяўчат і дарослых, каб займацца спортам і весці здаровы спосаб жыцця! Не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі вядомыя арганізаваныя ім дні моладзі, „Музычныя майстэрні” і Парафіяды!”

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў „ад усяго сэрца падзякаваць” гэтым святарам „за іх адданую і ахвярную працу па адраджэнні касцёла ў Беларусі” і памаліцца аб благаслаўленні на іх далейшае служэнне на хвалу Бога і для збаўлення людзей”.

У офісе ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь сітуацыю з высылкай польскіх святароў не каментуюць.

Варта адзначыць, што інцыдэнт здарыўся на фоне заяў Менска і Ватыкана пра магчымы візіт у Беларусь папы рымскага. Нагадаем, у пачатку ліпеня Беларусь наведаў папскі легат арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн. У інтэрв’ю парталу Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі паводле вынікаў візіту ён паведаміў, што на сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем 1 ліпеня абмяркоўвалася магчымасць арганізацыі прыезду пантыфіка ў Беларусь. „Мы, вядома, казалі ў тым ліку і пра апошні візіт беларускага прэзідэнта ў Ватыкан і яго сустрэчу з папам Францыскам. Таксама абмяркоўвалі шанцы таго, ці магчымы візіт у адказ і якія перадумовы павінны для гэтага быць”, — расказаў кардынал.

Сустрэча папы рымскага з Аляксандрам Лукашэнкам адбылася 21 мая ў Ватыкане і доўжылася 40 хвілін.

belapan.by