З беларускіх ВНУ ўжо адлічаныя 138 чалавек



З беларускіх ВНУ (на раніцу 3 лістапада) адлічана ўжо 138 чалавек, з пачатку верасня звольнена 15 выкладчыкаў (за апошні тыдзень — 10), паведамляе тэлеграм-канал „Студэнцкая думка”.

„Націск на студэнтаў працягваецца — двум навучэнцам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта абвясцілі вымову, а кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў афіцыйна выказалася пра недапушчальнасць студэнцкай забастоўкі”, — піша канал.

Паступае супярэчлівая інфармацыя пра сітуацыю ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, дзе студэнты і выкладчыкі актыўна абараняюць адзін аднаго і пішуць петыцыі да кіраўніцтва з патрабаваннем адмяніць загады аб адлічэннях і выходзяць на акцыі салідарнасці. Так, у ВНУ распавядаюць, што на сёння пацверджанае 21 адлічэнне, аднак у сетцы апублікаваны ліст у Міністэрства адукацыі прарэктара па выхаваўчай працы Паўла Маркаўцана, у якім ён паведамляе пра адлічэнне дзевяці студэнтаў. Самі студэнты пішуць у тэлеграм-каналах „Рупар БДМУ” і „Белыя халаты”, што некаторыя адлічаныя не могуць азнаёміцца з загадамі — у дэканатах кажуць, што такіх дакументаў няма.

Больш за ўсё звольнена выкладчыкаў у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, дзе яны падтрымалі страйк студэнтаў. За апошнія дні з ВНУ звольнілі трох выкладчыкаў, яшчэ трое звольніліся самі з салідарнасці. Адна са звольненых, дацэнт Наталля Дуліна, была затрыманая 30 кастрычніка непадалёк ад універсітэта і арыштаваная на 14 сутак на падставе часткі 3 артыкула 23.34 КоАП.

У адказ студэнты абвясцілі серыю акцый салідарнасці з былой выкладчыцай. З панядзелка ў МДЛУ праходзіць „Тыдзень сініх стужак”. „На гэтым тыдні на нашых руках павінны з’явіцца сінія стужкі. Нашы выкладчыкі выбралі сіні як колер акадэмічнай салідарнасці — салідарнасці са звольненымі і адлічанымі, салідарнасці з Наталля Алегаўнай”, — паведамляецца ў тэлеграм-канале „МДЛУ за свабоду”.

Адзін з выкладчыкаў паведаміў БелаПАН, што сёння супрацоўнікі ВНУ перадалі зварот да рэктара вярнуць звольненых выкладчыкаў і студэнтаў. Яго падпісала каля 70 выкладчыкаў.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў апублікавалі ў тэлеграм-канале „IN Культ” відэазварот з заклікам да студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ) аб’яднацца і стварыць Агульнакультурная студэнцкае аб’яднанне. Нагадаем, у гэтых дзвюх творчых ВНУ таксама прайшлі масавыя адлічэнні студэнтаў. Раней у БДУКМ не працягнулі кантракт старшаму выкладчыку кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці Дзмітрыю Матуйзу.

Сёння ў БДАМ і некаторых іншых універсітэтах плануецца „сядзячая дэманстрацыя”.

У ВНУ працягваецца выхад з БРСМ, пачаты яшчэ ў самым пачатку навучальнага года. „І да гэтага было відавочна, што БРСМ больш не пра моладзь, а пра дзяржідэалогію. Зараз жа гэтая арганізацыя падтрымлівае рэпрэсіі супраць студэнтаў”, — гаворыцца ў тэлеграм-канале „Мірны БДУІР”.

Таксама студэнтаў запрашаюць распаўсюджваць па ўніверсітэце плакаты, улёткі і „праўдзівыя навіны”, праводзіць „італьянскі страйк”: прыходзіць на заняткі і абмяркоўваць з выкладчыкамі і аднагрупнікамі забастоўку, дыскутаваць, распавядаць пра актуальныя праблемы.

belapan.by