„З брыдкімі людзьмі не жадаю размаўляць…”
„З брыдкімі людзьмі не жадаю размаўляць…”, – так галоўная рэдактарка газеты „Вячэрні Магілёў” адрэагавала на пытанні нашага радыё.
Мінінфармацыі знайшло прыкметы экстрэмізму ў двух артыкулах яе газеты. Калі справа дойдзе да суда, гэта будзе першы ў Беларусі прэцэдэнт, калі за праявы экстрэмізму асудзяць дзяржаўнае выданне, адзначае праваабарончая ініцыятыва „Журналісты за талерантнасць”.
Зварот у Мінінфарм накіраваў ЛГБТ-актывіст з Маладэчна Валянцін Цішко. Ён падаў спіс з 14-ці публікацыяў выдання, якія прасіў праверыць на наяўнасць незаконнай інфармацыі:
– Вяршэнства права ніхто не адмяняў, трэба проста ўмець дабівацца – вада камень точыць. Я ў гэтым выпадку вада, а „Вячэрні Магілёў” – гэта камень. З „Вячэрнім Магілёвам” перапісваюся і з дзяржаўнымі ўстановамі ўжо не першы год. Мне часамі здаецца, што ў „Вячэрняга Магілёва” праблемы – такая ўразлівая група, як ЛГБТ, у іх вінаватая ва ўсім.
Газета „Вячэрні Магілёў” ужо неаднаразова трапляла ў скандалы ў сувязі са сваімі публікацыямі, скіраванымі супраць прадстаўнікоў ЛГБТ. Галоўны рэдактар выдання Надзея Леўчанка яшчэ ніякіх дакументаў з Міністэрства інфармацыі не атрымала, а сітуацыю расцэньвае, як ціск на выданне:
– І чаму калі толькі штосьці дзесьці кажаш пра садамітаў, пачынаецца такі вый, верхал і ідзе яўнае нагнятанне абстаноўкі. Такі ціск на выданне, не толькі на маё, але і на іншыя. Цікавая сітуацыя, хаця ў нас па ўсіх нашых законах Рэспублікі Беларусь, ні садомскія шлюбы не прадугледжаны, нічога астатняга – у нас хрысціянскія традыцыйныя каштоўнасці.
РР: Вы гаворыце пра хрысціянскія каштоўнасці, але выкарыстоўваеце брыдкія словы.
– Я выкарыстоўваю брыдкія словы, а з брыдкімі людзьмі не жадаю размаўляць – да пабачэння.
Пытанні ў Мінінфарма ўзніклі да двух артыкулаў. Па рашэнні суда яны могуць трапіць у Рэспубліканскі спіс забароненых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Экспертнае заключэнне міністэрства таксама накіравала ў праваахоўныя органы для вырашэння пытання аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкула 17.11, распаўсюд матэрыялаў з гэтага спісу.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя