З будоўлі БелАЭС шпіталізавана каля 100 чалавек



З будоўлі Беларускай атамнай станцыі (АЭС) з-за каронавіруса шпіталізаваныя прыблізна 100 чалавек, паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, адказваючы 9 красавіка на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

„Сітуацыя там спакойная. Пацыенты з пацверджаным каранавірусам шпіталізаваныя ў старое інфекцыйнае аддзяленне. Іх кантакты шпіталізаваныя ў корпус астравецкай бальніцы. Там прыблізна 100 чалавек шпіталізавана”, — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, чаму так шмат шпіталізаваных, Каранік растлумачыў: „Яны прыязджалі партыямі, павінны былі знаходзіцца на каранціне і не кантактаваць паміж сабой. Але, улічваючы гасціннасць і ветлівасць, яны кожную новую партыю гасцінна сустракалі, бавілі разам час. Цяпер яны ўсе разам і апынуліся ў бальніцы”.

„Зараз народ працверазеў і не вельмі задаволены сітуацыяй, якая склалася, — адзначыў міністр. — Але ўзровень узаемадзеяння з органамі МУС і мясцовымі органамі дазваляе яе кантраляваць і растлумачыць, што ў гэтай сітуацыі яны ўсе падлягаюць ізаляцыі. Улічваючы, што рэкамендацыі па самаізаляцыі і па каранцінных мерапрыемствах частка з іх не выконвала, мы будзем іх каранцінаваць у прымусовым парадку”.

Каранік падкрэсліў, што сітуацыя ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) кіраваная. „У прынцыпе, кола зносінаў у іх было абмежаванае супрацоўнікамі — не з мясцовым насельніцтвам, а са сваімі будаўнікамі, якіх мы ўсіх ізалявалі. Але сумесна з МУС зараз там праводзяцца ўсе аператыўныя і эпідэміялагічныя мерапрыемствы”, — сказаў ён.

Раніцай 8 красавіка галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гродзенскай вобласці Мікалай Кендыш паведаміў БелаПАН, што ў Астраўцы з каранавіруснай інфекцыяй шпіталізаваныя 15 расіян. Клінічных праяў, у тым ліку павышанай тэмпературы, у іх не было.

Праз некалькі гадзін гэтую інфармацыю пацвердзіў на анлайн-брыфінгу міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, усе замежнікі, якія прыязджаюць на Беларускую АЭС для мантажу і пусканаладачных работ, праходзяць лабараторнае тэставанне і, перш чым пачаць працаваць, знаходзяцца пад наглядам на каранціне.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Згодна з апошнімі заявамі чыноўнікаў, увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на 2020 год, другога — на 2021-шы. Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

belapan.by

Фота БелТА