З былых супрацоўніц “Беларуснафты” хочуць спагнаць штраф за „знікненне” труб
Група былых супрацоўніц рэчыцкага падраздзялення “Беларуснафта” спрабуе дамагчыся скасавання грашовага спагнання, вызначанага судом за “знікненне” 500 метраў труб. Гэтыя трубы захоўваліся на адкрытым паветры на тэрыторыі склада ў Рэчыцкім раёне. У выніку інвентарызацыі, праведзенай у пачатку 2018 года, праверка ўстанавіла, што прадпрыемства нібыта не далічылася труб. Адказнасць павесілі на кладаўшчыц, якія ўладкаваліся на прадпрыемства незадоўга да рэвізіі. Першапачаткова сума штрафу складала каля 25 тысяч долараў ЗША, але, дзякуючы дапамозе незалежнага прафсаюза РЭП, Рэчыцкі раённы суд знізіў суму нястачы на 62%. Але пазасталая сума ўсё роўна з’яўляецца непад’ёмнай для звольненых супрацоўніц. Адна з фігурантак справы Святлана Сякач абураная, што ў выніку праверкі вінаватымі зрабілі звычайных працоўных:
– Мала таго, што цябе звольнілі, зрабілі з цябе злачынцу, не даказаўшы, што ты скрала, дык яшчэ хочуць вярнуць усё і адразу. Пры гэтым яшчэ існуе негалосная забарона пра прыём цябе на працу да нафтавікоў. Але і гэтага мала. Трэба яшчэ накласці арышт на маёмасць, забарону на выезд за мяжу.
Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка лічыць, што ў судовым парадку было б магчыма дабіцца поўнай адмены рашэння пра выплату нястачы, калі б справа была ініцыяванай якім-небудзь іншым прадпрыемствам, а не ўплывовай “Беларуснафтай”.
– Грошы з простых работнікаў спаганяюць на карысць прадпрыемства, і не шараговага прадпрыемства, а “Беларуснафты”, якая з’яўляецца сур’ёзным кашальком для дзяржаўнага бюджэту. І, канешне, гэта тая курыца, якую ніхто не паскубе, таму што гэта курыца, якая нясе для краіны “залатыя яйкі”.
Зараз у дачыненні да некаторых звольненых супрацоўніц рэчыцкага прадпрыемства “Нафтабурсервіс” ужытыя меры па абмежаванні выезда за мяжу, забарона на кіраванне транспартнымі сродкамі і штомесяцовыя вылічэнні з заробкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель