З чаго пачалася вайна на Данбасе?
Вось ужо амаль два гады тапонімы “Данецк” і “Луганск” асацыююцца найперш з вайной, разбурэннямі і, вядома ж, з уцекачамі. У свядомасці людзей, не надта абазнаных у сітуацыі на Усходзе Украіны, ужо склаўся пэўны стэрэатып “жыхара Данбаса”: гэткага падпітага і агрэсіўнага хабла з георгіеўскай стужкай, адданага адэпта “русского міра”.
Ці ёсць Данбас тым “запаведнікам ватнікаў”, якім мы іншым разам яго ўяўляем? Ці можна было спыніць стварэнне “ДНР” ад самага пачатку? Якія правалы ва ўкраінскай культурнай палітыцы паспрыялі сепаратызму?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война гутарыў з Марыяй, уцякачкай з Данецка.
— Увогуле, ад самага пачатку канфлікту на Данбасе вельмі зладжана адпрацоўвала расейская прапаганда. Мы ўсе спакойна жылі ў Данецку, і ўсё было выдатна. Пакуль не пачаліся ўсе гэтыя прарасейскія мітынгі. Яны былі выдатна арганізаваныя і іх падтрымлівала мясцовая ўлада. І гэтыя ўлады мэтанакіравана здавалі пазіцыі, здавалі Данецк прарасейскім сілам.
РР: А як выглядаў механізм гэтай здачы Данецка?
— Праца гэтая вялася даўно: і расейскімі спецслужбамі, і ўладамі. Улады былі абсалютна прарасейскімі, і нават не прыхоўвалі гэтага. Відавочна, што яны і рыхтавалі наш рэгіён да акупацыі Расейскай Федэрацыяй. Да таго ж, гэтая тэрыторыя была пад вялікім уплывам расейскай прапаганды, якая апелявала да “велічы Расеі”, “гераічнай савецкай спадчыны”… То бок, уся агітацыя будавалася менавіта на гэтым.
РР: То бок, яны ўсе хацелі менавіта ў Савецкі Саюз?
— Адсотак людзей, якія сапраўды верылі, што “Наваросія” і стане новым СССР, быў дастаткова вялікім. Але ж не татальным. Было даволі багата ўкраінскіх патрыётаў. А былі яшчэ і тыя, якія проста нікога не падтрымлівалі і хацелі, каб быў настаў мір і каб не стралялі…
РР: Па прынцыпе “мая хата з краю”?
— Менавіта так. Калі толькі-толькі пачаўся рух прарасейскіх сілаў, у Данецку прайшлі вельмі моцныя мітынгі на падтрымку Украіны. Першы мітынг, дзе былі пераважна моладзь, нашыя данецкія студэнты, прайшоў спакойна. А вось падчас другога мітынгу пачаліся канфлікты. Мы стаялі на плошчы, у тым ліку і я, і ў нас паляцелі камяні. Людзі, якія на нас нападалі, былі вельмі агрэсіўнымі. Я не ўпэўнаная, аднак, што ўсе яны былі з Данецка.
РР: То бок, тых людзей аднекуль завозілі?
— Я не магу дакументальна гэта пацвердзіць, але, мяркуючы па акцэнце, гэта былі людзі з Расеі. Па Данецку гаварылі, што завозілі людзей з Растова…
РР: Куды ж глядзела ваша СБУ, ваша міліцыя?
— Яны займалі пазіцыю, якую ім загадала заняць мясцовая ўлада. Калі ў Данецку распачаўся ўжо трэці мітынг у падтрымку Украіны, нас зноў закідалі камянямі і дымавымі шашкамі. Калі мітынг скончыўся і людзі пачалі разыходзіцца, “цітушкі” натоўпамі нападалі на людзей… Асабіста я бачыла, як з машын выдаюць арматуру. То бок, усё было падрыхтавана папярэдне. Там стаяў і кардон міліцыі, даволі багата людзей, але яны ніяк не рэагавалі на тое, што адбываецца. Аднаго ўкраінскага актывіста загналі ў аўтобус і там проста зарэзалі. Потым невядомыя пачалі захопы ўсіх без выключэння адміністрацыйных установаў у нашым горадзе. У траўні павінны былі адбыцца ў Данецку выбары прэзідэнта – выбары былі сарваныя. На выбарчыя ўчасткі нападалі, рабіліся напады і на людзей – самых звычайных людзей, якіх бачылі на вуліцах непадалёк выбарчых участкаў. З’явіліся першыя блок-пасты, і там ужо былі адназначна не нашы людзі…
РР: А адкуль былі тыя людзі?
— Было багата каўказцаў. З Чачні, можа быць… І знешнасць у іх была характэрная, і акцэнт. Тады пачаліся напады на Аэрапорт… і актыўныя баявыя дзеі: Славянск, Краматорск…
РР: Шмат людзей тады паўцякалі з Данецку, у тым ліку і ў Беларусь. Прабачце мяне, але ж у Беларусі далёка не ўсе ўцекачы з Данецка маюць добрую рэпутацыю. Чаму так?
— Гэта яшчэ адна наша данецкая праблема – самаідэнтыфікацыя. Маўляў – жыву ціхенька, нікога не кранаю, і тут прыйшла навала, разбурыла мой свет, і вы мне ўсе за гэта нешта павінны… У тым ліку і беларусы.
РР: То, можа, Л. І. Брэжэнеў меў рацыю, калі гаварыў пра “новую гістарычную супольнасць – савецкі народ”? Мо гэта пра Данбас было сказана?
— Баюся, вы маеце рацыю. У мяне даволі песімістычны настрой ад усяго, што у нас адбываецца… Але ж я ведаю самых розных людзей з Данецка. У тым ліку і тых, якія ваююць супраць акупантаў, якія ідуць у добраахвотныя батальёны. Магчыма, іх менш, чым ураджэнцаў Заходняй ці Цэнтральнай Украіны… Людзі ў нас пад вельмі і вельмі моцным уплывам расейскай прапаганды.
РР: За часамі Януковіча мне давялося бываць на Данбасе. Паводле маіх назіранняў, другім па папулярнасці палітыкам, пасля Януковіча, там быў Лукашэнка. Чаму так?
— Безумоўна, усё гэта – спадчына СССР. Людзі хочуць нешта мець, але не хочуць прыкладаць для гэтага нейкія намаганні. Яны чакаюць, калі ім гэта нешта дадуць. Гэта – праблема не толькі сацыяльная ці палітычная. Гэта праблема культурнай палітыкі. А на Данбасе перад агрэсіяй яе проста не было…
Вайна на Данбасе доўжыцца амаль два гады, і канца ёй пакуль не відаць. А гэта азначае, што плынь уцекачоў з Усходу Украіны будзе павялічвацца. У тым ліку – і ў Беларусь.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя