Шэнген віза – толькі з адбіткамі пальцаў



Візавы цэнтр Літвы пачаў браць дадатковых 2 еўра за зняцце адбіткаў пальцаў. У польскім консульстве падача дакументаў стала нават хутчэй. З 23 чэрвеня, каб атрымаць шэнгенскую візу, беларусы павінны здаць адбіткі ўсіх пальцаў абедзвюх рук і электронную фатаграфію.

З самай раніцы каля консульства Польшчы ў Менску на вуліцы Крапоткіна чарга ў некалькі акенцаў. Больш за ўсё людзей там, дзе прымаюць дакументы на нацыянальную візу, для якой дактыласкапія не патрэбна. Большасць людзей, якія выходзяць пасля падачы дакументаў, кажа, што ўсё вельмі добра арганізавана і праходзіць без складанасцяў.

У візавым цэнтры Літвы, дзе таксама можна падаваць дакументы на шэнген, тлумачаць, што тэрмін выдачы візы не змяніўся. Адмовіцца ад здачы адбіткаў пальцаў нельга. Змяніўся толькі кошт працэдуры.

„Раней афармленне дакументаў каштавала 18 еўра, цяпер на 2 еўра даражэй. Дзякуючы гэтаму не стаіце ў чарзе ля амбасады, усё здаеце тут, у візавым цэнтры, і атрымліваеце пашпарт”, – кажуць там.

Здаваць адбіткі не трэба дзецям да 12 гадоў, асобам, якія фізічна не ў стане гэта зрабіць, а таксама кіраўнікам дзяржаў, членам урадаў, членам афіцыйных дэлегацый і іх жонкам і мужам пры службовых паездках. Уладальнікі дыпламатычных пашпартоў ад здачы адбіткаў не вызваляюцца. На нацыянальную візу здаваць адбіткі пальцаў не патрабуецца. А вось калі збіраецеся атрымаць нават аднаразовую візу, здаць адбіткі ўсё ж прыйдзецца.

Таксама не трэба здаваць адбіткі пальцаў тым, у каго віза адкрыта, гэта трэба будзе зрабіць пры наступным звароце за візай. Адбіткі пальцаў захоўваюцца 59 месяцаў у адзінай базе дадзеных візавай інфармацыйнай сістэмы. Таму на працягу гэтага перыяду паўторна здаваць біяметрычныя дадзеныя на новыя візы ў пасольстве любой з краін Шэнгенскага пагаднення не трэба.

* * *

 

Пачынаючы з 23 чэрвеня ва ўсіх консульскіх установах Рэспублікі Польшча, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, плануецца ўвядзенне візавай інфармацыйнай сістэмы. Яна прызначана для абмена візавымі дадзенымі паміж дзяржавамі краін шэнгенскай зоны. Увядзенне візавай інфармацыйнай сістэмы ў польскіх консульствах на Беларусі будзе суправаджацца абавязковым прадастаўленнем усімі заяўнікамі, старэйшымі за 12 год, біяметрычных дадзеных (адбіткаў пальцаў і біяметрычнага фотаздымка).

Па словах генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Гародні Анджэя Хадкевіча, захады, накіраваныя на падвышэнне бяспекі на межах Еўразвяза, ніякім чынам не паўплываюць на колькасць візаў, якія штогод выдаюцца жыхарам рэгіёна:

– Мы выдаём каля 6-7 тысяч візаў у месяц. Гэта, зразумела, шмат. Стараемся рабіць усё магчымае, каб спрыяць жыхарам Гарадзеншчыны, каб яны як мага менш звярталіся ў наш кансулят.

Паводле інфармацыі польскай амбасады ў Беларусі, пасля 23 чэрвеня пры першай падачы хадайніцтва на атрыманне візы неабходны асабісты візіт усіх заяўнікаў у польскія консульствы з мэтай збору біяметрычных дадзеных. Абавязак тычыцца асобаў, якім споўнілася 12 гадоў. Адбіткі пальцаў будуць здымацца 1 раз на 5 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота vgr.by