З чым насіць вышыванку?
Як упісаць у гардэроб кашулю з беларускім арнаментам.
Вышыванка сёння ў модзе: для адных гэта спосаб прадэманстраваць нацыянальны гонар, для іншых – проста прыгожая рэч у гардэробе. Ёсць і тыя, хто скептычна ставіцца да адзення „са спадчынай”.
– Камусьці гэта здаецца замахам на святое, а камусьці – наадварот, гвалтоўнай спробай папулярызаваць нешта народнае. І тое, і іншае – суб’ектыўна, – кажа стыліст Лена Лосева. – Калі казаць пра моду, то, на мой погляд, да вышыванкі варта ставіцца менавіта як да кашулі з вышыўкай і камбінаваць яе адпаведна.
Каб падабраць некалькі камплектаў адзення, адпраўляемся разам са стылістам у краму. У якасці мадэлі – Таццяна Мішчанка са Жлобіна.
Чаму мы абралі гэтую кашулю?
– Яна значна больш універсальная, чым, напрыклад, блузка ў так званым сялянскім стылі. Вышыўка тут далікатная і яе няшмат, таму такую кашулю лягчэй спалучаць з іншымі прадметамі гардэроба.
– Чырвоная вышыўка на белым – гэта самы папулярны варыянт і ў той жа час найбольш характэрны, у адрозненне ад блакітнага на белым ці белага на чорным. Два апошнія варыянты не так абавязваюць.
– Белая кашуля прамога крою з доўгім рукавом пасуе амаль да любога тыпу фігуры і знешнасці. Яе можна насіць як у прахалоднае надвор’е, так і ў цёплыя дні, калі падвярнуць рукавы.
На працу: каляровы жакет і штаны ў гарошак
На працу: каляровы жакет і штаны ў гарошак.
– Белая кашуля даўно пасуе да чорнага або шэрага касцюма са штанамі, і прасцей за ўсё было б скласці такі камплект, але, як мне здаецца, характар вышыванкі патрабуе спалучэння з больш жывымі рэчамі, – кажа стыліст. – Таму я падабрала да яе жакет моднага колеру марсала і штаны ў какетлівы гарошак. Пра тое, што вобраз усё ж такі дзелавы, кажа форма сумкі і агульная стрыманасць каляровай гамы, якую разбівае хіба што вышыўкай на планцы.
На шпацыр: хуліганскія джынсы і класічны жакет
На шпацыр: хуліганскія джынсы і класічны жакет.
Самы просты спосаб насіць вышыванку – спалучаць яе з джынсамі. Але нават такі класічны камплект адзення можна зрабіць больш неардынарным. Стыліст вырашае ўнесці ў вобраз дух супярэчнасці, падабраўшы да кашулі джынсы з хуліганскімі дзюрамі на каленях і амаль класічную строгую камізэльку. Яшчэ адзін яркі акцэнт – двухколерныя чаравікі .
На спатканне: спадніца сонца і пояс у палоску
На спатканне: спадніца сонца і пояс у палоску
– Чырвона-белая гама – гэта добрая нагода разыграць рамантычную карту, а геаметрычны характар узору – нагода спалучаць яго з палосамі і з марскім стылем. Кашулі такога тыпу значна больш жаноцка глядзяцца са спадніцамі сонца, чым з іншымі фасонамі. Склаўшы ўсе гэтыя пункты, атрымліваем вось такі лёгкі і жаноцкі вобраз з намёкамі з марскога стылю – рамянём і басаножкамі. Не забудзьцеся падкасаць рукавы, тады вобраз атрымаецца больш гарманічным, – раіць Лена.
У адпачынак: светлыя шорты і яркі абутак
У адпачынак: светлыя шорты і яркі абутак.
На адпачынку дарэчныя яркія і светлыя рэчы, так што вышыванка прыдасца. Дапоўніць яе можна яркімі шортамі і пастэльнымі аксэсуарамі, а таксама някідкім адзеннем і кантраснымі сумкай і абуткам, як у нашым выпадку. Падкасаныя рукавы робяць вобраз больш распаволеным.
Фота Віктар Галіцкі