З Гародні ў Кракаў пусцяць адмысловы цягнік



Пілігрымы з усёй Беларусі, якія збіраюцца ехаць на Сусветныя дні моладзі, атрымалі магчымасць здзейсніць падарожжа ў Польшчу на адмысловым цягніку. Гэта стала рэальным дзякуючы намаганням каталіцкага касцёла, а таксама польскай і беларускай чыгункі, памежных і мытных службаў дзвюх краінаў. Як вядома, чыгуначны рух паміж Польшчай і Беларуссю быў летась ліквідаваны, таму цягнік, які павязе пілігрымаў на сустрэчу з Папам Рымскім Францішкам, – першы за апошнія 8 месяцаў. Як зазначыў галоўны каардынатар Сусветных дзён моладзі ў Беларусі ксёндз Антоні Грэмза, такая падзея дала падставы для станоўчага вырашэння транспартнага пытання паміж краінамі:

– Гэта таксама і воля Божая, і прадбачлівасць. Гэта і пазітыўнае стаўленне нашых беларускіх уладаў да гэтай падзеі, да прыезду Папы Францішка, каб моладзь мела такую цудоўную магчымасць сустрэцца між сабою і з Папам Францішкам.

Больш за чатырыста пілігрымаў з усёй Беларусі мае намер ехаць на Сусветныя дні моладзі на спецыяльным цягніку, які 20 ліпеня ад’едзе з гарадзенскага чыгуначнага вакзала. Першага жніўня, пасля заканчэння Сусветных дзён моладзі, цягнік прывязе пілігрымаў назад у Гародню.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота warszawa.wyborcza.pl