З гомельскай школы эвакуявалі больш за 100 чалавек
З гомельскай сярэдняй школы №55 эвакуявалі 112 чалавек у сувязі з паведамленнем пра выбухоўку.
30 студзеня ў аператыўна-дзяжурную службу Чыгуначнага РАУС Гомеля паступіла інфармацыя ад адміністрацыі школы: невядомы пакінуў паведамленне на сайце навучальнай установы, у якім гаварылася, што ў школе будзе закладзенае выбуховае прыстасаванне. Нібыта яго прывядуць у дзеянне ў выпадку атрымання адмоўных адзнак паводле вынікаў кантрольнай работы.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, са школы эвакуявалі людзей. На месцы здарэння працавалі супрацоўнікі праваахоўных ведамстваў, сапёрна-піратэхнічная група вайсковай часці 5525.
У выніку праверкі з выкарыстаннем службовага сабакі выбуховых прылад знойдзена не было.
Зараз праводзяцца неабходныя аператыўныя мерапрыемствы для ўсталявання асобы невядомага, які пакінуў паведамленне.
Фота: УУС