З Горак дарога вядзе ў бездань



Параўнальна нядаўна на Стаўбцоўшчыне вядомы тут СВК “Жацерава” ператварыўся ў адкрытае акцыянернае таварыства. Яго кіраўніцтва вырашыла “перапрафіляваць” гаспадарку.

IMG_0949

Дзеля атрымання лёгкіх грошай скараціўшы пасяўныя плошчы і пасадку бульбы на карысць здачы памяшканняў у арэнду. У выніку, знізіліся і без таго слабыя заробкі былых калгаснікаў. Узнікла нават сельскае беспрацоўе. Парушаюцца і іх грамадзянскія правы. Я пабываў у галоўнай вёсцы Горкі.

IMG_0935

54-гадовы Аляксандр Паўлоўскі атрымаў працоўную траўму на пілараме, у выніку якой яму адрэзала чатыры пальцы. Дагэтуль не дачакаўся ад гаспадаркі належных яму, паводле заканадаўства, двух базавых велічынь штомесяц.

ПАЎЛОЎСКІ: Больш за год таму мая тагачасная кіраўніца, намесніца старшыні СВК Калішэвіч, прымусіла мяне на дрэваапрацоўчым станку зрабіць 120 “колышкаў”, хоць ведала, што не маю допуску працы на ім. Быў адзін, падставіў руку, каб выцягнуць дошку і… рука патрапіла пад нож. У Стаўбцах і Менску зрабілі аналізы крыві, каб высветліць, што цвярозы. Стаў непрацаздольны – не маю права падымаць больш за 5 кг. З “утэку” паведамілі пасля экспертызы, што пенсію будзе аплачваць Дзяржстрах. А таксама мусіць пастаянна 2 базавыя “калгас”. Але з той пары так я іх і бачыў. Не плацяць – і без каментарыяў.

IMG_0934

РР:  А што наконт фармуліроўкі “разгледзець пытанне аб разрыве кантракту” з Калішэвіч?

ПАЎЛОЎСКІ: Дый дзе там! Хоць на пенсіі, пайшла нават на падвышэнне – цяпер яна намесніца старшыні “па ідэалогіі” …

IMG_0945

59-гадовы Уладзімір Чмуневіч быў, як ён лічыць, несправядліва звольнены кіраўніком гаспадаркі Іванам Краўчуком без дай-прычыны. Дарэчы, як мне перадалі, сам старшыня ад сустрэчы з незалежным журналістам адмовіўся. Гутарым з ім і яго суседам Юрыям Якушавым.

ЧМУНЕВІЧ: Працаваў у СВК будаўніком, а лічыўся у аддзеле кадраў “паляводам”. Неяк захварэў і паехаў у Стаўбцы ў бальніцу да тэрапеўта. Папярэдзіў папярэдне брыгадзіра і напісаў заяву. Прыязджаю і… мне паведамляюць, што звольнены. Маўляў, ва ўрача быў паўгадзіны, а далей трэба было ехаць і выходзіць на працу. Але як і на чым?! Далей пачаліся блуканні па пакутах у чыноўніцкіх кабінетах. Паехаў да дырэктара райаграпрама. У яго быў старшыня “Жацерава”, які пракаментаваў, што я “гультай”. Акурат да гэтага ўбіраў за паўтара-два мільёны за месяц камяні з палеткаў, ад чаго дагэтуль “страляе” паясніца. У раёне зайшоў да юрыстаў. Тыя сказалі, што маю права падаць у суд, але трэба калектыўная заява, сведкі, каб выйграць. Дабраўся ў Менску да Адміністрацыі прэзідэнта, адкуль мяне накіравалі на Нямігу, 23, дзе юрыдычная кансультацыя па працаўладкаванні. Там спачатку не паверылі, што такое магчыма. Круцілі-вярцелі паперы, а пасля сказалі “не для друку” – у ЗАТ кіраўнік сам сабе гаспадар. Хочаш – ідзі да яго прасіся ўзяць назад. Але кланяцца немаведама за што… Я не пайшоў.

ЯКУШАЎ: Сустрэў нядаўна знаёмых вяскоўцаў. Кажуць, ідзём з ранішняй “разнарадкі”. Дзе сказалі, маўляў, працы няма, ідзіце на ферму, пашукайце што-небудзь самі!

ЧМУНЕВІЧ: Дый хіба дзіва? У арэнду паздавалі былыя калгасныя склады, сховішчы, пілараму і нават канюшню – праўда, коней ужо не засталося. Не садзяць бульбы увогуле – раней па 150-180 га было. Не займаюцца, увогуле, гароднінай. Якая тут “перадавая сельская гаспадарка”?!

Юры вядзе мяне на бераг мясцовага азярца, дзе кіраўніцтва зрабіла, нібы, ласку вяскоўцам – усталявала лежакі ля возера і пабудавала пірс. Але які?!

IMG_0948

ЯКУШАЎ: Пірс зроблены, бачыце, са старых гнілых дошак. Яны прагінаюцца, могуць зламацца, калі ідзеш. А дзіця можа патануць, упаўшы. Мой Мішка пракалоў улетку нагу – не пачысцілі ад паўметровага ілу ўзбярэжжа…

IMG_0939

IMG_0940

З 18 паляводаў ў Горках засталіся працаваць 7. Патомасны малдаванін Станіслаў Жосан, што прапрацаваў тут паляводам 26 год, тлумачыць.

IMG_0946

ЖОСАН: Раней, калі плацілі, працавалі “ад цямна да цямна”. Цяпер налічаць мільён 700 тысяч і, калі няма “залётаў” па п’янцы, дацягнуць да мінімалкі ў 2 млн 300. Ніякай зацікаўленасці ды перспектыў у працы! І катастрафічныя затрымкі – некаторым толькі за студзень (! ) пералічылі грошы! А гаспадарка невялікая – разгарнуцца па-новаму лёгка можна. Але хочаце па-чэснаму? Дырэктарам можна і малпу паставіць. Аднак Гаспадара трэба і пашукаць, і даць гарантыі для свабоднай працы. А той Краўчук не кантактуе з намі – баіцца людзей.  Быў сход – пару слоў сказаў і адскочыў. Збаяўся, што людзі праўду-матку ў вочы казаць будуць…

Добра пачувае ў Горках сябе хіба 66-гадовы Вячаслаў Дасвячанскі, які не зважаючы на стан спраў ў дзяржгаспадарцы, завёў два гады таму двух страўсаў, што хутка набяруць па 100 кг. Іх мяса каштуе ў Менску па 400 тысяч. А таксама мае птушак ды авечак.

Str

IMG_0943

Але не за гарамі чарговая пасяўная. Калі былыя калгасныя землі ізноў не будуць засеяныя, становішча застанецца без змяненняў. З заробкамі “у адну базавую велічыню” ізноў застануцца жыхары Горак і пяці навакольных вёсак, што ўваходзяць у сённяшняе акцыянернае таварыства “Жацерава”.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара