З ІЧУ выйшлі журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч



Пасля 20-сутачнага арышту з магілёўскага ізалятара адпушчаныя журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч.

Абодвух затрымалі 12 траўня, калі пачаўся закрыты працэс па справе „групы Севярынца” ў абласным судзе. Журналісты асвятлялі падзею.

Буракоў і Лапцэвіч былі асуджаныя за несанкцыянаванае пікетаванне. У ізалятары яны абвясцілі галадоўку ў сувязі з дрэннымі ўмовамі ўтрымання. Лапцэвіч галадаў тры дні, Буракоў — сем. З-за рэзкага пагаршэння здароўя (у Лапцэвіча павысіўся артэрыяльны ціск, у Буракова ўзнікла арытмія) яны былі вымушаныя спыніць галадоўку.

Журналісты пасля выхаду на волю распавялі, што 20 дзён спалі на голых дошках, двойчы за ноч іх будзілі, а днём выводзілі ў калідор, прымушалі распранацца дагала і ставілі на расцяжку, пры гэтым білі па нагах, калі ногі былі недастаткова шырока рассунутыя.

З ізалятара Лапцэвіча даставілі на аўтавакзал, Буракова — на чыгуначны вакзал.

Журналіста інтэрнэт-выдання „6tv.by Магілёўскі рэгіён” Уладзіміра Лапцэвіча затрымалі 12 мая непадалёк ад будынка Магілёўскага абласнога суда, дзе ў той дзень пачаўся закрыты працэс па справе сустаршыні аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, актывістаў кампаніі „Еўрапейская Беларусь” і блогера Ірыны Шчаснай.

Згодна з матэрыяламі справы, Лапцэвіч удзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаванні каля будынка абласнога суда ў групе людзей для „падтрымкі кампаніі „Еўрапейская Беларусь” і Паўла Севярынца”.

Сваёй віны Лапцэвіч не прызнаў. На працэсе даказваў, што прыйшоў да суда як журналіст пагутарыць са сваякамі абвінавачваных. Пры сабе меў пасведчанне карэспандэнта часопіса „Абажур”. На зробленым міліцыяй відэазапісе бачна, што журналіст пасля патрабавання пакінуць пляцоўку перад судом адтуль сышоў. Затрымалі яго за сотні метраў ад будынка. У пратаколе пазначана іншае месца затрымання.

У выніку за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года Лапцэвіч быў асуджаны 15 мая на 20 сутак арышту. Судзілі журналіста праз скайп. Падчас разгляду справы яму стала дрэнна. У ізалятары ў журналіста быў зафіксаваны высокі ціск, але ў шпіталізацыі яму было адмоўлена. Справу разглядала суддзя Вікторыя Палякова. Яна не задаволіла хадайніцтва аб пераносе пасяджэння з-за дрэннага самаадчування абвінавачванага.

Лапцэвіч заявіў аб парушэнні яго правоў у зняволенні. Умовы ўтрымання ў ізалятары журналіст назваў здзекам і катаваннем. Сказаў, што яго не водзяць да доктара, забралі акуляры. Таму ён абвясціў галадоўку.

15 мая таксама па аналагічным абвінавачанні асудзілі на 20 сутак арышту Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з медыякампаніяй Deutsche Welle. Ён таксама абвясціў галадоўку.

Абласная міліцыя абвяргала інфармацыю пра галадоўку Буракова і Лапцэвіча. На сайце ведамства гаварылася, што афіцыйных заяў аб абвяшчэнні галадоўкі ад іх не паступала. Таксама адзначалася, што яны не маюць „ніякага дачынення да зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі і з’яўляюцца фрылансарамі”.

belapan.by