З ізалятара на чарговы разгляд у суд
Берасцейскага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Шарэнду збіраюцца даставіць з ізалятара ў суд. Пра гэта паведамляюць мясцовыя праваабаронцы і ягоная жонка Паліна.
Актывіст зараз адбывае пакаранне ў выглядзе 15-ці суткавага арышту за ўдзел у «ланцугу салідарнасці». Тое мерапрыемства было несанкцыянаваным і прайшло ў Берасці яшчэ 14 ліпеня, а прымеркавалі яго да сканчэння збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары.
Падрабязней кажа Паліна Шарэнда-Панасюк:
– Суд яшчэ адзін мусіць быць а 15-й гадзіне. Яго трэба ізаляваць на пэўны час, таму гэта ўсё выдумляюць. Звычайна ў іх адна справа ідзе такая, пасля ўдагонку непадпарадкаванне.
У якім судзе адбудзецца разгляд чарговай справы ў адносінах да Андрэя Шарэнды сваякі не паведамілі, аднак зазначылі, што ўсе раённыя суды знаходзіцца ў адным будынку і таму варта каб людзі прыйшлі падтрымаць. Пракладны час: 15:00. Сам Андрэй Шарэнда адбывае арышт у ІЧУ Ленінскага раёна Берасця.
Беларускае Радыё Рацыя