З Херсона выехала амаль палова жыхароў, з вобласці – кожны пяты
З Херсона выехала амаль палова жыхароў, з вобласці – кожны пяты. Такую інфармацыю падаюць афіцыйныя крыніцы. Тэрыторыю часова акупаванай Херсонскай вобласці пакінуў кожны пяты жыхар, нягледзячы на тое, што ў рэгіёне па-ранейшаму адсутнічаюць афіцыйныя зялёныя калідоры.
Мясцовы жыхар з Херсона на правах ананімнасці нам расказаў, што такая тэндэнцыя сапраўды назіралася, асабліва, калі мясцовыя жыхары даведаліся пра зверствы расейскай арміі каля Кіева:
– Было з самага пачатку магчымасць выехаць, але выехала няшмат. Пасля падзеяў у Бучы, як стала вядома пра зверствы, нейкі масавы псіхоз пачаўся ў нашых людзей, і яны пачалі выязджаць, гэта добра адчулася. Выязджалі ў двух кірунках – адны на Мікалаеў, а іншыя – праз Крым і ў Еўропу.
Расейцы не дазвалялі рабіць афіцыйных „зялёных калідораў”, таму людзі, рызыкуючы жыццём, выязджалі самастойна. Херсонская вобласць акупавана з пачатку сакавіка. Расея, нагадаем, напала на Украіну 24 лютага.
Беларускае Радыё Рацыя