З КНДР у Паўднёвую Карэю ўцёк салдат



1 снежня з раніцы яшчэ адзін паўночнакарэйскі салдат нелегальна перасёк дэмаркацыйную лінію паміж КНДР і Паўдневай Карэяй. Пра гэта паведамляе паўднёвакарэйскае агенства Yonhap са спасылкай на аб’яднаны камітэт кіраўнікоў штабаў у Сеуле.

Выявілі жаўнера з дапамогай абсталявання для назірання. Паводле звестак агенцтва, агонь паўночнакарэйскі бок не адкрываў.

Салдат быў затрыманы ўладамі Паўдневай Карэі. Цяпер абставіны яго ўцёкаў расследуюцца.

Агенцтва адзначае, што гэтыя ўцёкі сталі першымі пасля таго, як абодва бакі ліквідавалі ахоўныя пасты на мяжы. Пасля заканчэння Карэйскай вайны ў 1953 годзе каля 30 тысяч грамадзянаў КНДР уцяклі ў Паўднёвую Карэю, пераважна праз Кітай.

У 2018 годзе дачыненні паміж дзвюмя Карэямі палепшыліся. Па выніках перамоваў у Пхеньяне ў верасні 2018 года кіраўнікі Паўднёвай і Паўночнай Карэі Мун Чжэ Ін і Кім Чэн Ын падпісалі пагадненне, якое павінна далей знізіць напругу на Карэйскай паўвыспе.

9 лістапада стала ведама, што Паўднёвая і Паўночная Карэя дэмантуюць назіральныя пункты, размешчаныя ў дэмілітарызаванай зоне з кожнага боку мяжы. Бакі дамовіліся пакінуць па адным з іх для гісторыі.

Беларускае Радыё Рацыя