З колішняга жыцця дзяцей на Палессі



Першы дзень каляндарнага лета адзначаны, як Міжнародны дзень абароны дзяцей. Ён быў абвешчаны на Сусветнай канферэнцыяй дабрабыту дзяцей ў 1925 годзе, а затым яго ўстанавілі паўсюдна ў 1954 годзе. Гэта добрая нагода, каб узгадаць некалькі асноўных момантаў з жыцця дзяцей ў “краіне багнаў”.

Пра нараджальнасць і смяротнасць

Калі ўвосень 1934 года Пінскае Палессе ў ходзе навуковай экспедыцыі па ўсходзе тагачаснай Польшчы наведала сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд, то яна адзначыла высокую нараджальнасць дзяцей у тутэйшых сёлах. У 1930-я гады ў Польшчы назіраўся найбольшы прырост насельніцтва чым у якой-небудзь іншай краіне Заходняй Еўропы, а на Палессі – самы высокі прырост насельніцтва сярод польскіх правінцый.

Кудрычы, Пінскі павет, 1934 год. Луіза Арнер Бойд

Большасць вясковых дзяцей – босыя, бедна адзетыя і мурзатыя, але ўсе выглядаюць здаровымі і шчаслівымі. Немаўлят гушкаюць у кошыках з бярозавых галін, якія служаць калыскамі і падвешваюцца пад столь хаты. Маленькія лодкі, якімі кіруюць старэйшыя браты і сёстры, служаць сродкам руху для гэтых дзяцей, якія растуць на волі самі па сабе. Практычна кожнае дзіця з’яўляецца нянькай для малодшага за сябе. Гэтыя будучыя рыбакі і жанчыны-гаспадыні так ўпэўнена кіруюць сваім “караблём”, як быццам, дома, на сушы”, – занатавала легендарная амерыканка.

Разам з нараджальнасцю, даследчыца звярнула ўвагу на дзіцячую смяротнасць. Нажаль гэты факт быў не выключэннем, а паўсюднай рэальнасцю. Медыцына толькі развівалася ў краі, нават у Пінску была дасяжнай не для ўсіх, а што ж казаць пра вёскі. Нараджалі ў цяжкіх умовах і выжываў мацнейшы – натуральны адбор.

Юныя рыбакі, 1934 год. Луіза Арнер Бойд

Набірае моц асвета

З сярэдзіны ХІХ стагоддзя на Піншчыне паўстае сетка навучальных устаноў. У Пінску пачала працаваць гімназія. Будынак спраектаваў архітэктар, удзельнік вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў Казімір Скірмунт. У буйных сёлах адкрываюцца народныя вучылішчы. Напрыклад станам на 1887 год у Пінкавіцкім народным вучылішчы было тры аддзяленні: малодшае, сярэдняе і старэйшае. Ва ўсіх аддзяленнях налічвалася 30 хлопчыкаў і адна дзяўчынка, дачка святара. На ўтрыманне вучылішча выдаткоўвалася: 175 рублёў з дзяржаўнага бюджэту і 95 рублёў ад тутэйшых сялян. У 1904-1906 гадах у Пінкавічах выкладаў Якуб Колас.

Да нядаўняга часу ва ўсім рэгіёне перабольшвала непісьменнасць. З таго моманту, калі край увайшоў у склад Польшчы, адукацыя стала абавязковай, і ў гэтым балотным краі былі адчынены школы. Часам дзеці вымушаны хадзіць у школу за некалькі кіламетраў, і іх неадукаваныя бацькі не падтрымліваюць намераў улады”, – заўважыла Луіза Арнер Бойд.

Бацькі-палешукі не тое, каб былі супраць навукі з нейкіх прынцыпаў, не, ўсё прасцей. Яны бачылі ў дзецях перш за ўсё дапамогу ў працы. Дарэчы, менавіта гэта асноўны чыннік высокай нараджальнасці – чым нас больш, тым болей зможам зрабіць.

Як бы дарослыя не супрацьстаялі, але асвета прасоўвалася па Палессі. Для арганізацыі дзяцей ствараліся грамадскія аб’яднанні. Так у 25 паселішчах Пінскага павета напачатку 1930-х гадоў дзейнічалі Гутркі вясковай моладзі, якія аб’ядноўвалі 671 чалавек. Як сведчаць гістарычныя дакументы, самая вялікая суполка была ў Дабраслаўцы – 90 юнакоў. Дзейнічала і Таварыства падтрымання будаўніцтва пачатковых школ у Пінскім павеце. На Піншчыне гэтае аб’яднанне было прадстаўлена 132 аддзяленнямі і 3079 чальцамі.

Палескія хлапцы, 1934 год. Луіза Арнер Бойд

Як па народнаму абаранялі жыццё дзяцей

Ужо казалася, што медыцынскай дапамогі бракавала, таму палешукі звярталіся да вышэйшых сіл і важнае месца займалі прыкметы.

Пакуль не міне дзіцяці год, нельга казаць на яго: жаба, інакш будзе гарбаты. Нельга цалаваць яго ў вусны, пакуль не міне яму год, інакш доўга не будзе гаварыць. Калі спіць дзіця, нельга ставіць пад калыску ваду, інакш не будзе спаць...” – запісаў у сярэдзіне 1870-х гадоў святар Пінскай епархіі Дзмітрый Булгакоўскі.

Тым не менш, бяда прыходзіла ў палескія хаты, смерць адбірала самае галоўнае ў бацькоў. На гэты выпадак таксама было некалькі абрадаў:

Пры пахаванні першага дзіцяці, маці не ходзіць на могілкі, каб прырваць смерць будучых дзяцей. Калі паміраюць дзеці, то бабка (павітуха – аўт.), якая адна пастаянна прымае дзяцей, павінна замкнуць замак, і пакласці ў труну памерлага дзіця пад спіну; а ключ кінуць у калодзеж; з гэтага часу якое народжаныя дзеці не будуць паміраць. Калі хтосьці сурочыць дзіцё, то трэба “адпарыць” наступным чынам: варта прынесці вады з калодзежа вечарам і колькі набярэш ў посуд, ня трэба адліваць назад, а наліць у гаршчок і даць тры разы закіпець; затым ўзяць міску, паставіць пад калыску, і вакол яе пакласці: ключ, грабянец, шчотку, нож і тры верацяна; потым міскай перавярнуць гаршчок з кіпячонай вадою і так пакінуць на цэлую ноч”.

Ад тых часоў мінула не адное дзесяцігоддзе. Шмат змянілася, як і роля дзіцяці ў грамадстве, ведаем пра правы і абавязкі дарослых. Нязменным на стагоддзі застанецца тое, што дзеці з’яўляюцца найвялікшым скарбам, як прадаўжальнікі жыцця, нашага роду.

Малыя так ўпэўнена кіруюць сваім “караблём”, 1934 год. Луіза Арнер Бойд