З колькасцю бюлетэняў, вынесеных з участкаў, заўважылі анамалію
Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала падрабязныя вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў. «Наша ніва» выявіла анамалію ў гэтай статыстыцы.
Выданне параўнала колькасць выбарцаў, якія атрымалі бюлетэні, і колькасць выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. На некаторых участках такая розніца склала нуль, на некаторых адзін, але знайшліся ўчасткі з сотнямі бюлетэняў, якія, мяркуе «Наша Ніва», былі вынесеныя.
Так, толькі ў Менску розніца склала сотні бюлетэняў на сямі акругах. Найбольш зніклых бюлетэняў ЦВК налічыла ў акрузе, ад якой дэпутаткай стане «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч. Падобныя анамаліі назіраліся таксама ў Магілёве, там розніца складае дзясяткі бюлетэняў.
«Такія нерэальныя разыходжанні выклікаюць чарговыя сур’ёзныя сумневы ў падліку галасоў. У любой еўрапейскай краіне нават адзін гэты факт выклікаў бы скандал, крымінальныя справы, перападлік і адмену вынікаў выбараў судовымі інстанцыямі», – заўважае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя