„З кулінарнага блогу я пачала раўзмаўляць па-беларуску”
Гамяльчанка Алеся Аўласевіч стварыла першы ў абласным цэнтры кулінарны блог па-беларуску. Жыхарка абласнога цэнтра размяшчае па-беларуску фота- і відэарацэпты. Лінгвіст па адукацыі, дзяўчына гатуе, а потым фатаграфуе і дзеліцца ў сацыяльных сетках разнастайнымі стравамі. У блогу налічваецца ўжо больш за 800 фотарэцэптаў. Гэта стравы розных краінаў. Як распавяла Алеся Аўласевіч, праз стварэнне блогу яна вывучыла беларускую мову. Алеся Аўласевіч распавяла пра сваё кулінарнае захапленне ў гутарцы з Беларускім Радыё Рацыя.
Карэспандэнт: Чаму ўзнікла ідэя весці кулінарны блог?
Алеся Аўласевіч: Я ўжо доўгі час збіраю рэцэпты. У мяне ёсць нататнікі бабулі, прабабулі, маці. У пэўны момант я зразумела, што ў мяне сабралася вельмі вялікая колькасць фотаздымкаў. Я проста рабіла фотаздымкі. І маці мне сказала: „Ты ж заўсёды хацела ў інтэрнэце нешта рабіць, чаму б табе не зрабіць кулінарны блог?” І для мяне чамусьці было такім challenge’ам зрабіць гэта па-беларуску.
Карэспандэнт: Атрымліваецца, ты з блогам вывучыла беларускую мову?
Алеся Аўласевіч: Так, з кулінарнага блогу ўсё пачалося. На момант стварэння блогу я не ведала беларускай мовы. Рэцэпты я перакладала са слоўнікам. І з некаторымі лексічнымі адзінкамі ў мяне ўзнікалі цяжкасці: я не ведала, што такое рондаль, патэльня, вечак… Ад пачатку, канешне, было вельмі шмат памылак. Мяне выпраўлялі, мне пісалі. Але гэта была такая школа, дзякуючы якой я перайшла на беларускую мову.
Карэспандэнт: Як выглядае блог: там па кухнях (беларуская, украінская, грузінская) размеркаваныя рэцэпты?
Алеся Аўласевіч: Я адразу казала, што я не раблю менавіта беларускую кухню. Я змяшчаю па-беларуску ў блогу тое, што я гатую. Потым прыйшоў час, калі я прыйшла і да беларускай кухні. І ў мяне муж любіць выключна толькі беларускую кухню. Але я гатую не толькі стравы беларускай кухні. Гэта могуць быць і сушы, але іх рэцэпт будзе змешчаны па-беларуску.
Карэспандэнт: Якія стравы можаш прыгадаць з беларускай кухні?
Алеся Аўласевіч: Гэта нейкія свіныя вушы, свіныя хвасты, пальцам пханыя каўбасы…Дарэчы, у беларускай кухні не было такой традыцыі, як піражкі, торты, пірагі. Сустракаліся больш мясныя стравы.
Карэспандэнт: Тады, можа, падзелішся рэцэптам нейкай беларускай стравы? Напрыклад, свіных вушэй?
Алеся Аўласевіч: Гэта страва, якую папрасіў мяне зрабіць мой муж Яўген. Я доўга шукала менавіта беларускі рэцэпт. Варта ведаць, што вушы трэба набываць свежымі. Гэта азначае, што зранку трэба пайсці на рынак альбо ў мясную краму. Мы бярэм гэтыя свіныя вушы, варым у рондалі гадзіны тры з маленькай колькасцю вады, дадаем туды лаўровае лісце, соль. Праз тры гадзіны мы дастаем вушы, наразаем на палосачкі. На патэльні на алеі смажыцца цыбуля, нарэзаная паўколамі, і дадаюцца вось гэтыя нарэзаныя вушы. Па выніку атрымліваецца такі беларускі дэлікатэс. Лёгка гатуецца, проста трэба час на тое, каб зварыць.
Кулінарны блог Алесі Аўласевіч мае назву „Смачна есці” і дасяжны ў сацыяльных сетках і на сайце kli4nik.info.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: з архіву Алесі Аўласевіч