З МЭТЗ звольненыя 25 чалавек, якія баставалі
З Менскага электратэхнічнага завода звольненыя 25 чалавек, якія ўдзельнічалі ў забастоўцы, паведаміў БелаПАН былы вядучы інжынер прадпрыемства Віталь Чычмароў.
„Мяне таксама звольнілі з сённяшняга дня. У мяне больш за 20 гадоў стажу працы на прадпрыемстве. Я даведаўся пра звальненне, знаходзячыся ў адпачынку. Афіцыйная прычына — нанясенне шкоды прадпрыемству, неафіцыйна — мая пазіцыя ў дачыненні да забастоўкі, да таго, што адбываецца ў краіне”, — распавёў Чычмароў.
Як паведамлялася, работнікі Мінскага электратэхнічнага завода 26 кастрычніка пачалі забастоўку.
Раней генеральны дырэктар МЭТЗ Аляксандр Радзевіч выдаў загад аб забароне забастовак, мітынгаў і сходаў на прадпрыемстве.
Работнікі электратэхнічнага завода пасля выбараў правялі мітынгі, падчас якіх заявілі пра нязгоду з абвешчанымі ўладамі вынікамі і запатрабавалі спыніць гвалт сілавікоў у дачыненні да грамадзян.
11 жніўня на прадпрыемстве прайшоў стыхійны мітынг з удзелам прыкладна 150 чалавек, падчас якога былі сфармуляваныя патрабаванні да ўладаў краіны. У прыватнасці работнікі завода заявілі, што не згодныя з вынікамі выбараў і „несумленным падлікам галасоў” і патрабуюць „неадкладнага спынення гвалту ў дачыненні да мірных і бяззбройных грамадзян, якія маюць права выказваць сваю палітычную пазіцыю ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі”.
Яны таксама запатрабавалі вызвалення „затрыманых падчас мірных дэманстрацый і непрыцягнення іх да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці як удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў”.
Акрамя таго, работнікі завода запатрабавалі спыніць блакаванне ў краіне інтэрнэту і не дапусціць „рэакцыйныя дзеянні з боку адміністрацыі прадпрыемства ў дачыненні да работнікаў, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю”.