З МУС Беларусі звольніліся больш за дзве тысячы супрацоўнікаў



У трэцім квартале 2020 года (з ліпеня па верасень) з МУС нібыта звольнілася 1074 чалавека. Гэта 51,4% ад агульнай колькасці супрацоўнікаў, якія звольніліся з органаў за 9 месяцаў мінулага года.

Такую лічбу са спасылкай на ініцыятыву BYPOL прыводзіць «Еўрарадыё». Яна спасылаецца на дакумент з грыфам „ДСК” («Для службовага карыстання»), які нібыта склаў начальнік упраўлення каардынацыі і ўзаемадзеяння падраздзяленняў кадраў і ідэалагічнай працы МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Мазур.

У дакуменце прыводзіцца аналітычны агляд стану кадраў і працы з кадрамі ў сістэме МУС за 9 месяцаў 2020 года. Таксама ў ім падаецца штатная колькасць атэставаных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Па стане на 1 кастрычніка яна склала 46 128 чалавек без уліку грамадзянскага персаналу і ваеннаслужачых тэрміновай службы ўнутраных войскаў.

Рэзка знізілася колькасць злачынстваў з удзелам асабістага складу – 28, зніжэнне склала амаль 77%. Як адзначае BYPOL, гэта самы нізкі паказчык за апошнія 10 гадоў, што сведчаць не аб станоўчай дынаміцы, як сцвярджаецца ў дакуменце, а пра тое, што ў МУС з пачатку года была ўсталяваная негалосная забарона на прыцягненне супрацоўнікаў да розных відаў адказнасці з мэтай захавання кадравага ядра на фоне масавых звальненняў супрацоўнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя