З наваградскага музею звальняюць Тамару Вяршыцкую
Краязнаўчы музей адмовіўся працягваць кантракты Тамары Вяршыцкай і Галіне Кавальчук. Афіцыйныя прычыны звальнення жанчынам ніхто не патлумачыў.
Як паведамляе „Свабода”, апошнія некалькі месяцаў Вяршыцкая і Кавальчук па нядзелях ладзілі для гараджан легальныя экскурсіі. Яны распавядалі пра гісторыю Навагрудка: Адама Міцкевіча, беларускую гімназію, габрэйскі супраціў. Сярод удзельнікаў такіх экскурсій былі людзі, асуджаныя за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Часта экскурсіі ішлі ў суправаджэнні міліцыянтаў.
Напрыканцы студзеня Вяршыцкую непасрэдна з экскурсіі забралі ў РАУС на апытанне. Урэшце нядзельныя экскурсіі адмянілі і зрабілі нядзелі ў музеі выходным днём да канца лютага. Патлумачылі гэта моцнымі маразамі.
У Навагрудскім музеі Тамара Вяршыцкая адпрацавала больш за 30 гадоў. Яе імя ёсць у Кнізе славы Навагрудка. Яна стварыла Музей габрэйскага супраціву, які ўваходзіць у структуру краязнаўчага музея, і кіруе ім. Яна ж суправаджала сваякоў Дональда Трампа, калі тыя прыязджалі ў Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: detaly.co.il