З недзяржаўнай газетай Intex-press друкарня скасавала дамову



 З недзяржаўнай газетай Intex-press (Баранавічы, Берасцейская вобласць), якая трапіла пад санкцыі ўладаў, скасавала дамову друкарня.

У выхадны дзень, 9 мая, рэдакцыя атрымала адпаведнае апавяшчэнне Беларускага дома друку.

„Паведамляем аб скасаванні дамовы ад 2 лістапада 2020 года <…> на друкаванне газет у 2021 годзе (з выкарыстаннем паперы замоўцы) з 9 мая 2021 года ў аднабаковым парадку”, — гаворыцца ў лісце намесніка гендырэктара друкарні па вытворчасці і ідэалагічнай працы на імя дырэктара ТАА „Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс” Уладзіміра Янукевіча. Прадстаўнік друкарні прыносіць прабачэнні і спадзяецца на паразуменне.

„Зараз наша рэдакцыя спрабуе знайсці магчымасць альтэрнатыўнага друку наступнага нумара газеты, які запланаваны на 12 мая”, — паведамляе газета.

„За інтэрв’ю з экс-кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланай Ціханоўскай Intex-press трапіла пад жорсткі прэсінг з боку ўладаў. Лёс выдання ўпершыню за 26 гадоў яго існавання апынуўся пад рэальнай пагрозай”, — канстатуе выданне.

„10-15 дзён таму” ад продажу газеты адмовіліся практычна ўсе буйныя гандлёвыя сеткі Баранавічаў, у дачыненні да выдавецкага дома за інтэрв’ю з Ціханоўскай былі складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы, „прызначаныя велізарныя штрафы”, распачатая праверка па магчымым крымінальным пераследзе.

15 красавіка Уладзімір Янукевіч быў выкліканы на сустрэчу з баранавіцкім міжраённым пракурорам Аляксандрам Карлюком. Галоўнаму рэдактару Intex-press вынеслі папярэджанне: на думку пракуратуры, апублікаваўшы інтэрв’ю з Ціханоўскай, выданне парушыла патрабаванне закона аб СМІ аб недапушчальнасці распаўсюджвання інфармацыі, „скіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або якая змяшчае заклікі да такой дзейнасці, гвалту і жорсткасці, іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забароненая заканадаўствам краіны”. „Дзе менавіта ў інтэрв’ю ўсё гэта ўгледзелі, Янукевічу не растлумачылі”, — падкрэслівае газета.

26 красавіка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ў асобе суддзі Мікалая Кміты прызнаў Янукевіча вінаватым у распаўсюджванні ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, і аштрафаваў на максімальна магчымую суму — 20 базавых велічынь (580 рублёў).

28 красавіка рэдакцыя газеты атрымала ліст ад „Белпошты” пра тое, што газета не будзе ўключаная ў падпісны каталог на другую палову 2021 года.

30 красавіка інтэрнэт- і друкаваная версія інтэрв’ю з Ціханоўскай былі ўключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі.

5 мая рэдакцыя атрымала пісьмовае папярэджанне ад Мінінфарма на падставе рашэння баранавіцкага суда.

У той жа дзень эканамічны суд Брэсцкай вобласці разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да ВД „Інтэкс-прэс” за распаўсюджванне СМІ забароненай інфармацыі і прызначыў 150 базавых велічынь штрафу (4.350 рублёў).

belapan.by