З новага навучальнага года – новыя школьныя праграмы



Новыя школьныя праграмы з’явяцца ў Беларусі з новага навучальнага года, пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Жарко. Паводле намесніка прэм’ер-міністра, нельга адкідаць дасягненні савецкай школы, прыцягваючы ў сістэму адукацыі новае.

Васіль Жарко таксама адзначыў, што зьмены павінны дазволіць вучням і бацькам адмовіцца ад паслугаў рэпетытараў.

Ці новыя праграмы зробяць працу рэпетытараў непатрэбнай, пра гэта казаць занадта рана, бо працэс адрыву адукацыі сярэдняй ад вышэйшай адбываецца ў Беларусі ўжо ня першае дзесяцігоддзе, адзначыў дырэктар адукацыйнага Цэнтру «Фабрыка ведаў» Аляксандр Луцэвіч:

– Школьная адукацыя зараз трансфармавалася ў нейкі такі фармат, каб чалавек неяк арыентаваўся ў прадметах. А калі ты ўжо рыхтуешся па нейкім профілі для сваёй будучыні, то тут ужо без рэпетытараў не абыйсціся. Я лічу, што пакуль проста змірыліся з гэтым. Таму што школа – гэта адзін інстытут, а ўжо далей універсітэты і паступленні ў іх – гэта іншае. Таму нават не імкнуцца неяк іх аб’яднаць, каб была пераемнасць.   

Аляксандр Луцэвіч адзначыў таксама, што нельга зьвязваць спробы рэформаў у беларускім школьніцтве з прыходам новага міністра адукацыі. Першы месяц працы былога кіраўніка Камуністычнай партыі Беларусі на пасадзе міністра, паводле дырэктара адукацыйнага цэнтру паказваюць, што Ігар Карпенка з’яўляецца чалавекам сістэмы і строга выконвае загады, якія ідуць з вярхушкі беларускай вертыкалі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота Sputnik