З няспраўджанымі лозунгамі ля помніка Леніну



У Кобрыні на галоўнай плошчы горада ля помніка Леніну прайшоў мітынг-памяць, прысвячаны 102-й гадавіне кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту. Галоўнымі выступоўцамі ў абарону перавароту акрамя вядучай былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Дземідовіч і старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Кузіч. Яны ўхвалілі сацыяльную роўнасць, якая прыйшла пасля перавароту.

У мітынгу таксама прынялі ўдзел фермер Сцяпан Дубчук з лозунгам “Земля – крестьянам! Когда?” і інвалід з вёскі Дзевяткі Аляксандр Краўчук з лозунгам “Долой самодержавие! Вся власть народу!”, кажа Сцяпан Дубчук:

– Мае дзяды і прадзеды былі сялянамі і мелі па 10 гектар зямлі. Зямлю пры царскай Расеі ніхто не забіраў. Пры Польшчы – ніхто не забіраў. Ва ўласнасці была зямля. Нават пры гітлераўскай Нямеччыне, пры акупацыі, зямлю не забіралі ў сялян. У 1948 годзе забралі зямлю.

Аляксандр Краўчук: У нейкім сэнсе гэты лозунг актуальны і на сённяшні дзень. Народ у нас не ўдзельнічае ў кіраўніцтве краіны, уладу ў гэтай краіне ўжо 25 гадоў утрымлівае Лукашэнка.

Удзельнікаў мітынгу з няспраўджанымі гістарычнымі лозунгамі не затрымалі. Але пасля таго, як райвыканкамаўскі ідэолаг збегала за дапамогай, людзі ў штацкім іх зафіксавалі на відэа. Пасля ўскладання кошыка са штучнымі кветкамі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Васілём Дземідовічам і старшынёю Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімірам Кузічам пад песню “І вновь начинается бой”, удзельнікі мітынгу разышліся.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя