З Паўночнай Македоніі экстрадаваны беларус, якога шукаюць з 2007 года



24 жніўня з Паўночнай Македоніі экстрадаваны беларус, які знаходзіўся ў вышуку па лініі Інтэрпола больш за дзесятак гадоў — з 2007 года.

Мужчына падазраецца ў набыцці на тэрыторыі Беларусі і Польшчы амфетаміну, а таксама яго захоўванні, збыце і кантрабандзе. За гэтыя злачынствы прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 15 гадоў, паведамляе МУС.

Як сказаў намеснік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі Аляксей Вершаль, хаваючыся ад крымінальнага пераследу на тэрыторыі замежных дзяржаў, мужчына змяніў анкетныя даныя, выкарыстаў падроблены пашпарт грамадзяніна Расейскай Федэрацыі, атрымаў грамадзянства Швецыі.

У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў яго месцазнаходжанне было ўстаноўлена на тэрыторыі Паўночнай Македоніі. У ліпені мясцовыя праваахоўныя органы затрымалі мужчыну. Тады ж судом гэтай дзяржавы было прынята рашэнне аб выдачы фігуранта Беларусі. Экстрадыцыю з Паўночнай Македоніі правялі супрацоўнікі НЦБ Інтэрпола ў Беларусі і ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС.

Інтэрпол — скарочаная назва Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі. У яе кампетэнцыю ўваходзіць барацьба са злачыннасцю міжнароднага ўзроўню, у тым ліку вышук злачынцаў.

Усяго з часу ўступлення Беларусі ў Інтэрпол ў 1993 годзе ўстаноўлена месцазнаходжанне каля 900 абвінавачаных і 200 без вестак зніклых, якія адшукваюцца беларускімі праваахоўнікамі. Больш за 100 злачынцаў экстрадаваныя.