З пінчукоў-палітвязняў хочуць спагнаць амаль 400 тысяч рублёў



Звыш 380 тысяч рублёў – такая агульная сума маральнай шкоды, якую пацярпелыя міліцыянты па “пінскай справе” маюць намер спагнаць з чатырнаццацці пінчукоў-палітвязняў. Пацярпелымі ў выніку сутычкі з пратэстоўцамі ў першую паслявыбарную ноч у Пінску следства прызнала 109 міліцыянтаў.

Праваабаронца Алесь Рамановіч адзначае, што рэальна сілавікоў, якія атрымалі сур’ёзныя траўмаванні, ў межах дзясятка:

– Былі некаторыя з пераломамі, у кагосьці былі парваныя звязкі, адзін з пераломам нагі. Ён папрасіў 15 тысяч рублёў. А так у асноўным 3 – 5 тысяч рублёў просяць. Нават тыя, якія не атрымалі ніякіх пашкоджанняў, просяць па 3 – 5 тысяч, аргументуючы тым, што атрымалі маральную шкоду, што яны тады вельмі спужаліся, быў стрэс і начамі потым не спалі.

З-за таго, што многія міліцыянты заявілі ў судзе пра перанесены страх і сорам у ходзе тых падзей, пінчукі на сайце petitions.by пачалі збор подпісаў за пазачарговую атэстацыю пінскіх міліцыянтаў. У петыцыі выказваецца сур’ёзная занепакоенасць: ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан дадзеных сілавікоў выконваць задачы па абароне грамадзян?

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелаПАН