У Менску прайшоў «Марш новай Беларусі» (абноўлена)



Мы з імі разбярэмся!

У нейкі момант Аляксандр Лукашэнка са зброяй у руках выйшаў за перыметр Палаца незалежнасці і пагутарыў з сілавікамі:

***

Ваенная тэхніка пакінула плошчу Незалежнасці. Велізарная калона тэхнікі (вадамёты, аўтазакі, грузавікі, аўтобусы, машыны з калючым дротам) паехала ў бок Уручча.

Вядучыя «Галоўнага эфіру” на канале „Беларусь 1”: у Мінску на несанкцыянаваныя акцыі выйшла каля 20 тысяч чалавек.

tut.by

***

19.55. Ад Стэлы арганізавана адвялі салдат унутраных войскаў. Агароджа з калючага дроту засталася.

19.45. Паведамляецца, што цалком у сталіцы перакрытая вуліца Леніна, якая побач з гатэлем „Еўропа”. Вельмі шмат сілавікоў сцягнутыя ў цэнтр Менску.

19.30. У Менску калона людзей ад Стэлы вяртаецца ў цэнтр горада. Лукашэнкаўскі тэлеграм-канал апублікаваў відэа, як Лукашэнка прыляцеў на верталёце ў Палац Незалежнасці з аўтаматам у руках.

У Менску соткі сілавікоў заблакавалі праспект Пераможцаў ў раёне Палаца незалежнасці. Паведамляецца, што каля рэзідэнцыі Лукашэнкі напружана. Людзі падыходзяць да ланцугу АМАПу і крычаць: „Апусці шчыты, ты ж даваў прысягу!”

***

Гэта відэа было знята каля 40 хвілін таму. Яно ў поўнай меры дазваляе ацаніць маштаб акцыі на плошчы Незалежнасці:

Група людзей, якая знаходзілася на плошчы Незалежнасці, стала рухацца праз вул. Валадарскага ў бок Нямігі.

Разам з тым яшчэ адна шматлікая калона заняла праезную частку праспекта Незалежнасці і рухаецца ў бок Кастрычніцкай.

Па словах дэманстрантаў, яны маюць намер дабрацца да гасцініцы «Планета» на праспекце Пераможцаў. Гатэль знаходзіцца насупраць стэлы, якую ахоўвае ваенныя і АМАП.

***

На Марш 23 жніўня выйшлі дзясяткі тысячаў чалавек. Людзей прыбывае ўсё болей, лік пратэстоўцаў ідзе на сотні тысяч. 

Фота: Францішак Цярэшка

У Менску ў гэтыя хвіліны праходзіць «Марш новай Беларусі», прыхільнікі пераменаў заклікаюць да спынення гвалту з боку сілавых структур, вызвалення палітвязняў і новых прэзідэнцкіх выбараў.

З розных раёнаў Менска прайшлі калоны пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Людзі скандуюць: Не забудзем, не даруем!

Людзі занялі ўсю плошчу Незалежнасці, праезную частку і пляцоўку каля Менгарвыканкама і будынка метрапалітэна. Скандуюць «Жыве Беларусь!». На плошчы некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Гарадскія ўлады ўключылі на ўсю гучнасць песню «Перш за ўсё самалёты».

Фота: TYT.BY

***

У Менску ад Плошчы Незалежнасці ў гэтыя хвіліны пачнецца Марш новай Беларусі. За домам урада дзяжураць узброеныя людзі. Там жа заўважаны аўтамабіль з рулонамі калючага дроту, з якой можна хутка зрабіць загароду.

 

Цытата са звароту, змешчанага напярэдадні ў ТК Нехта-лайв: «Мы не адступім, пакуль ня будуць выкананыя 3 народныя патрабаванні: свабода ўсім затрыманым і палітзняволеным, суд на вінаватымі ў катаваннях і забойствах, сыход Лукашэнкі».

Для тых, хто сёння не паедзе ў Менск, а застанецца ў сваім горадзе Нехта-лайв таксама прапануе збірацца ў цэнтры места, абмяркоўваць стварэнне «адзінага штабу Новае Беларусі» ў сваім раёне і вобласці, ставіць ультыматум мясцовым уладам наконт 3 народных патрабаванняў.

Тым часам, у Гародні па ўсіх радыёстанцыях амаль кожныя паўгадзіны транслююць заяву ад пракуратуры пра адміністратыўную і крымінальную адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Месца збору (Савецкая плошча) падрыхтавана да абгароджвання. У цэнтр Гародні з’ехаліся машыны з унутранымі войскамі, аўтазакі, бусы, – перадае Белсат. У Берасці збор прызначаны на плошчы Леніна.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Калона прыхільнікаў пераменаў прыкладна з 50 чалавек, у ліку якіх работнікі Менскага завода колавых цягачоў і Менскага маторнага завода, накіравалася ад МЗКЦ у бок цэнтру сталіцы, – піша БелаПАН.

Яны ідуць са сцягамі сваіх прадпрыемстваў, стылізаванымі пад бел-чырвона-белы сцяг, і ўласна бел-чырвона-белымі сцягамі, а таксама плакатамі «Сумленне не прадаюць», «МЗКЦ за сумленныя выбары!»

Удзельнікі шэсця маюць намер рушыць Партызанскім праспектам, каб злучыцца з калонамі работнікаў іншых заводаў, а затым прайсці на плошчу Незалежнасці, дзе сёння анансаваўся старт чарговае акцыя супраць фальсіфікацыі выбараў і сілавых дзеянняў уладаў.

НН паведамляе, што на ўездзе ў Менск з боку Гародні – агромністая колькасць транспарту, затор у кірунку сталіцы. Гэта звязана з тым, што ДАІ перакрыла адну паласу і выбарачна спыняе машыны і правярае. Дзяржаўнае інфармагенцтва АТН паведаміла пра адмену праўладнага аўтапрабегу ў Менску, бо «паводле шматлікіх звестак, магчымыя правакацыі і дыверсіі». Аднак у іншых гарадох аўтапрабегі ў падтрымку Лукашэнкі не адмяняюцца.

Тым часам сведкі паведамляюць, што ў цэнтр Менску кіруюцца аўтазакі, бачылі і вадамёты. Сама плошча Незалежнасці і праспект Незалежнасці не перакрытыя, праезд па іх свабодны, на вуліцах атмасфера спакойная. Прытым Менскі метрапалітэн паведамляе, што станцыі метро Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Купалаўская і Плошча Перамогі зачыненыя на ўваход і выхад. Машыны з сілавікамі стаяць на вуліцах Савецкай, Камсамольскай, Валадарская, Берсана, Свярдлова і каля стадыёна «Дынама». У цэнтры горада на вежы-глушылцы заўважаныя два бел-чырвона-белыя сцягі. Такі ж сцяг з’явіўся на тэлевежы ў Маладзечна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа TYT.BY