З СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе адпушчаная Алена Карагачова
Са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе адпушчаная Алена Карагачова – асабісты памочнік прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі, паведаміла прэс-служба Бабарыкі.
Сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты, якая прапрацавала з ім у «Белгазпрамбанку» больш за 20 гадоў, Алена Карагачова была затрыманая ўвечары 1 ліпеня. Ёй прад’явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Адвакат паведамляў, што абвінавачаная сваю віну не прызнае.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праверка дзейнасці банка, якім да выбарчай кампаніі кіраваў Бабарыка, праводзілася па яго даручэнні. Пры гэтым ён сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтым няма. Бабарыка звязаў тое, што адбываецца са сваёй палітычнай дзейнасцю. 18 чэрвеня Віктар Бабарыка, а таксама яго сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ.
Беларускае Радыё Рацыя