З СІЗА КДБ прыйшоў першы ліст ад Аляксандра Фядуты
Першы ліст ад Аляксандра Фядуты з СІЗА КДБ прыйшоў яго жонцы Марыне Шыбко, паведамляе “Радыё Свабода”.
“Ліст пра каханне, гэта першы ліст, які я атрымала за ўвесь гэты час, хоць адправіла яму ўжо тры. Усё разумее, усё зразумеў, куды трапіў, якая пастка. Зразумеў, як трапіў у пастку. Астатняе – асабістае, шле прывітанні”, – кажа Марына Шыбко.
Яна ўжо двойчы перадавала перадачы мужу, сярод іншага лекі і танометр: “У мяне ўсё прынялі. Я перадавала ўсё, што можна, бо я кажу, што я ўжо вопытны лагерны работнік, ведаю, як там і што. Піша, што з боку медыцынскай часткі стаўленне да яго добрае, жартуе, што ціск яму мераюць часцей, чым ён мераў сам. Канечне, у яго былі праблемы з ціскам”, – кажа Марына Шыбко.
Цяпер адвакат Аляксандра Фядуты знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, але яго жонка кажа, што па тэлевізары кажуць больш, чым можа сказаць адвакат. Сам Аляксандр Фядута ў лісце напісаў: “відавочнае я не адмаўляю”.
Беларускае Радыё Рацыя