З супрацоўнікаў „Мілкавіты” хочуць спагнаць нястачу



Разгляд грамадзянскай справы гомельскага вытворцы малочных прадуктаў „Мілкавіта” ў дачыненні да 205 работнікаў часова прыпынены.  Суддзя Савецкага раённага суда Гомеля Анатоль Капусцін на выязным пасяджэнні падтрымаў пазіцыю пракуратуры, якая ініцыявала расследаванне прычын утварэння нястачы памерам больш за 140 тысяч беларускіх рублёў.

Паводле аднаго з супрацоўнікаў „Мілкавіты” Віталія Палійчука, грашовыя прэтэнзіі прадпрыемства да сваіх супрацоўнікаў выглядаюць абсурдам.

– 500 тон малака – гэта прыблізна 50 вялікіх МАЗаў. Гэта такі аб’ём нястачы. Каб вынесці столькі малака людзям неабходна было кожны дзень праз ахову праносіць па 10-12 літраў!

Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка бароніць у судзе інтарэсы чатырох супрацоўнікаў „Мілкавіты”.

– Работнікі, якія ўвайшлі ў наш прафсаюз, яшчэ 25 траўня звярнуліся як у Следчы камітэт, так і ў Камітэт дзяржкантролю з просьбай правесці праверку і выявіць вінаватых. Калі на тэрыторыю завода завезлі пэўны літар малака, і па тэхналогіі з яго магчыма было зрабіць столькі грам тварагу, смятаны ці кефіру, то следства павінна вызначыць – ці завезлі гэты літар малака на завод, што было з яго зроблена, і што вывезлі з завода. 

Адміністрацыя гомельскага малочнага завода „Мілкавіта” вырашыла спагнаць з супрацоўнікаў больш за 140 тысяч беларускіх рублёў нястачы, якая нібыта ўтварылася ў перыяд з лістапада 2016 года па люты 2017 года. Да грашовых пакаранняў планавалася прыцягнуць 205 супрацоўнікаў прадпрыемства.

[Not a valid template] 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель