З учарашняга вечара няма сувязі з Дзмітрыем Кучуком
З вечара 26 красавіка адсутнічае сувязь са старшынём Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрыем Кучуком, паведаміла БелаПАН яго намеснік Вольга Харламава.
„З 17.49 26 красавіка Дзмітрый не выходзіць на сувязь. Апошняе, што напісаў: б’юцца ў дзверы, сілавікі ў калідоры і на вуліцы. Ён адчыняць і выходзіць не планаваў”, — сказала Харламава.
Зараз аднапартыйцы спрабуюць знайсці Кучука — тэлефануюць у РУУС і цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Яны таксама не могуць трапіць у партыйны офіс, бо не спрацоўвае электронны замок.
Увечары 26 красавіка Дзмітрый Кучук паведаміў БелаПАН, што ў офіс партыі спрабуюць трапіць невядомыя. „Невядомыя прыкладна паўгадзіны таму стукалі і званілі ў дзверы офіса. Я ў гэты час быў у прамым эфіры, таму не адчыняў. Пазней у офісе зніклі электрычнасць і інтэрнэт”, — расказаў старшыня партыі.
Кучук — адзін з заяўнікаў традыцыйнай акцыі „Чарнобыльскі шлях”, правядзенне якой сёлета Мінгарвыканкам забараніў.