З Вашукевіч (Рыбкай) неўзабаве павінен сустрэцца прадстаўнік беларускай амбасады



Беларускі бок атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне аб затрыманні ў Маскве грамадзянкі Беларусі Анастасіі Вашукевіч, вядомай як Насця Рыбка, паведаміў БелаПАН начальнік консульскага аддзела амбасады краіны ў Расеі Аляксандр Сувораў.

„Безумоўна, мы займаемся пытаннем, як і ў выпадках з любым іншым грамадзянінам [Беларусі]. Мы рэалізуем комплекс захадаў па абароне нашых грамадзян, якія прадугледжаны міжнароднымі і двухбаковымі пагадненнямі”, — сказаў дыпламат.

На пытанне пра сустрэчу з затрыманай прадстаўніка пасольства Сувораў паведаміў: „Думаю, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час”.

Рыбка і яе кампаньён Аляксандр Кірылаў (Алекс Леслі) былі затрыманыя 17 студзеня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева і дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання „Зяблікава”. Яны падазраюцца ва ўцягванне заняткам прастытуцыяй у складзе групы асоб. Рыбка, Леслі і двое іх сяброў былі дэпартаваныя з Тайланда пасля дзевяці месяцаў знаходжання ў турме. У гэтай краіне яны былі арыштаваныя за арганізацыю нелегальных секс-трэнінгаў.

У пачатку 2018 года расейскі апазіцыйны лідар Аляксей Навальны апублікаваў вынікі расследавання пра сувязі алігарха Алега Дзерыпаскі і намесніка прэм’ер-міністра РФ Сяргея Прыходзькі, якія, паводле слоў Навальнага, адпачывалі на яхце бізнесмена ў кампаніі Рыбкі.

belapan.by