«З верай у жыццё і людзей»: акцыя ад Гарадзенскага хоспіса
У Гародні 10-га лютага ў Музеі гісторыі рэлігіі адбудзецца акцыя, падчас якой вядомыя гарадзенцы намалююць карціны, прысвечаныя ранняй дыягностыцы анкалагічных захворванняў. Арганізатарамі акцыі з’яўляецца Гарадзенскі дзіцячы хоспіс разам з Другой гарадской дзіцячай паліклінікай.
Кажа намесніца дырэктара Гарадзенскага дзіцячага хоспіса Іаанна Немчыноўская:
– Гарадзенскі дзіцячы хоспіс праз гэтую акцыю імкнецца звярнуць увагу грамадскасці не толькі горада, але і вобласці на праблему ранняй дыягностыкі ракавых захворванняў і падтрымаць хворых у іх барацьбе за магчымае выздараўленне.
Для ўдзелу у акцыі запрошаны кіраўнікі прадпрыемстваў горада, лекары, мастакі, артысты, святары, журналісты і спартсмены. Акцыя прымеркавана да дзьвух датаў: 4 лютага адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі, а 15 лютага – Міжнародны дзень дзяцей, хворых на рак.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня