З якімі фэйкамі збіраецца змагацца беларуская прапаганда?



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў з’яўленне на АНТ новага тэлевізійнага праекта.

На тэлеканале АНТ адкрываецца новы праект у рамках, праграма называецца «Антыфэйк». У якасці аднаго з прыкладаў фэйкаў тэлеканал назваў публікацыю расейскай газеты «Коммерсант» пра беларуска-расейскую інтэграцыю.

«Мы выкарысталі свой шанц, які падарыў нам сам лёс. І нікому рабіць замах на наш суверэнітэт не дамо. Хацелася б, каб гэта пачулі тыя, хто спрабуе намацаць гэты пралом. Супакойцеся. У нашым успрыманні ўласнага суверэнітэту няма ніякай слабіны», – паведамілі ў эфіры тэлеканала.

Генадзь Фядыніч: Калі б ідэя ішла ад грамадскай супольнасці, і калі б падчас такога тэлепраекта насамрэч можна было выводзіць на чыстую ваду тых, хто закідвае ў інфармацыйную прастору фэйкавыя навіны, то праграма, безумоўна, мела б вялізны поспех. Таму што грамадскасці гэтага вельмі не хапае, і, на жаль, «лапшыны на вушы» людзі нярэдка ўспрымаюць, як праўдзівую інфармацыю. І вось тут супрацоўнікам дзяржаўнага тэлебачання я б параіў пачаць з сябе.

РР: Калі пачалася крымінальная справа ў дачыненні да вас і Ігара Комліка, у дзяржаўных СМІ было шмат з гэтай нагоды непраўдзівай інфармацыі…

Генадзь Фядыніч: І яе да гэтага часу ніхто нават не абвергнуў, хаця мы прайшлі нават праз суды. Калі ты кажаш няпраўду – хіба гэта не фэйк? Таму перш за ўсё прапагандыстам трэба навесці парадак у сваім агародзе, а ўжо затым шукаць фэйкі ў іншых СМІ. Чаму ж вы маўчалі, калі ішла «справа прафсаюзаў», і ўсе бачылі на судзе, як яна развалілася? На працэс прыехалі тэлевізіёншчыкі з БТ, мы далі інтэрв’ю, але яно так і не з’явілася. Увогуле, калі на АНТ ужо з’явілася жаданне змагацца з фэйкавай інфармацыяй, то тады ў праграме павінны прысутнічаць і прадстаўнікі незалежных СМІ, і Беларускай асацыяцыі журналістаў. У такім разе, напэўна, і быў б нейкі эфект ад праекта. Але, калі журналістам будуць сілавікі і ідэолагі падказваць, якая інфармацыя фэйкавая, а якая не, то гэта ўжо не журналістыка, а прапаганда. Як нехта правільна сказаў: пчолы вырашылі змагацца супраць мёду.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя