З-за моцнага ветру парушылася электразабеспячэнне 239 населеных пунктаў



Паводле дадзеных ДВА «Белэнерга», на працягу сутак на тэрыторыі Беларусі з-за моцнага ветру перыядычна парушалася электразабеспячэнне 239 населеных пунктаў, 26 сельскагаспадарчых будынкаў і 1.118 трансфарматарных падстанцый. Пра гэта паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адключэнні аператыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі. На 6.00 23 студзеня застаюцца без электразабеспячэння 11 населеных пунктаў, адзін сельскагаспадарчы будынак і 32 трансфарматарныя падстанцыі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

Паводле аператыўных звестак МНС, з-за парываў ветру да 21 м/с пашкоджаныя дахі будынка малочна-таварнай фермы прадпрыемства «Язерскі» у вёсцы Доўгая Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці і будынка гаража на тэрыторыі ААТ «Шчорсы» у вёсцы Казённыя Лычыцы Навагрудскага раёна Гарадзенскай вобласці.

Пацярпелых няма. Вядуцца аднаўленчыя работы.

Тым часам Белгідрамет зноў абвясціў штармавое папярэджанне на сёння з-за моцнага ветру. Днём 23 студзеня па ўсходзе краіны захаваецца вецер парывамі да 15–20 м/с.

БелаПАН