З-за непагадзі парушалася электразабеспячэнне 283 населеных пунктаў
Паводле аператыўных звестак, з-за праходжання па тэрыторыі Беларусі 25—26 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 16 метраў за секунду перыядычна парушалася электразабеспячэнне 283 населеных пунктаў, паведамляе прэс-служба МНС.
Адключэнні аператыўна ліквідуюць аварыйныя брыгады. Па стане на 6.00 26 ліпеня без электразабеспячэння заставаліся 37 населеных пунктаў у Берасцейскай і Менскай абласцях.
Пашкоджаныя дахі двух жылых дамоў і шасці сельскагаспадарчых будынкаў у двух населеных пунктах Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці і Клецкага раёна Менскай вобласці. Зафіксаваныя 17 выпадкаў падзення дрэў: 15 — у Берасцейскай вобласці і два — у Менску. Пашкоджаны легкавы аўтамабіль.
Згодна са звесткамі ДУ „Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя” з 15.34 да 20.08 у раёне метэастанцыі „Ганцавічы” ў Берасцейскай вобласці выпала 51,6 мм ападкаў, з 21.00 да 1.30 у раёне метэастанцыі „Менск” — 52,1 мм ападкаў.
Падтопленыя 26 жылых дамоў, 19 прыватных падворкаў і тры адміністрацыйныя будынкі ў трох раёнах Берасцейскай вобласці, шасці раёнах Менскай вобласці і Менску. У сталіцы з 22.10 былі падтопленыя 14 участкаў дарог, спыняўся альбо абмяжоўваўся рух (ад 25 хвілін да трох гадзін) 37 тралейбусных і 22 аўтобусных маршрутаў, у тым ліку на участках: праспектаў Дзяржынскага, Партызанскі, Пераможцаў, Пушкіна; вуліц Ангарская, Кальварыйская, Арлоўская, Карастаянавай, Ванеева, Багдановіча, Валгаградская, Гарэцкага, Шаранговіча, Лабанка; Прытыцкага, Кунцаўшчына, Якубава; бульвара Шаўчэнкі, плошчы Багушэвіча, Лагойскага тракту.
Работнікамі МНС у Менску з зон падтаплення паднятыя восем легкавых аўтамабіляў. Работнікі МНС і іншых арганізацый праводзілі работы па распілоўцы паваленых дрэў і адпампоўванні вады. Таксама была задзейнічаная спецтэхніка ДВА „Гаррамаўтадар”, ДВА „МГЖГ”, экіпажы ДАІ.
Пацярпелых няма. Вядуцца аднаўленчыя работы.