За 10 гадоў колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая
За 10 гадоў колькасьць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ў Беларусі ўдвая. У апошнім навучальным годзе ў Беларусі па-беларуску прадметы выкладаліся амаль 130 тысячам дзяцей. Як піша сайт Нашай Нівы, гэта 13% ад агульнай колькасці школьнікаў. Лічба самая малая за ўсе гады існавання незалежнай Беларусі. У савецкія часы, у 1988 годзе было 22%. Каментуе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
– Пачалося гэта ў часы Хрушчова, калі ў Беларусі была забаронена беларускамоўная адукацыя ва ўсіх гарадах і раённых цэнтрах. Якраз з 1959 года былі закрыты ўсе гэтыя школы, пачынаючы з Менска і заканчваючы маім родным Мсціславам. І пакінулі беларускую мову толькі калгаснікам у вёсках. Тады калгаснікаў было шмат. А зараз вёска вымірае, дзяцей няма, школы закрываюць, а новыя беларускія школы ўлады не збіраюцца адкрываць, вось і адказ.
Нацыянальнае адраджэнне пачатку 90-х дало рэзкі рост долі беларускамоўных школьнікаў, але Аляксандр Лукашэнка зноў пачаў пераводзіць адукацыю на рускую мову. У Менску на роднай мове вучацца толькі няпоўныя 2% дзяцей. Што да рэгіёнаў, дык толькі ў Віцебскай і Гомельскай абласьцях зафіксаваная станоўчая тэндэнцыя. Там за год колькасць беларускамоўных вучняў вырасла, хай толькі і на 0,3%.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя