За 17 гадоў – ніводнага дазволу
Бярозаўскія праваабаронцы ўпарта вырашылі дамагацца справядлівасці цывілізаваным шляхам у канстытуцыйным праве на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Яны ў чарговы раз звярнуліся ў суд Бярозаўскага раёну з абскарджваннем незаконнай адмовы пікету на 25 жніўня. Абсалютна ніякіх падставаў для адмовы не было, кажа адзін з заяўнікаў пікету Сяржук Русецкі:
– Калі асноўнымі прычынамі адмовы ў правядзенні пікету было тое, што да заявы на правядзенне пікету не была далучана дамова з РАУС і што ў гэты дзень на стадыёне спартовая школа планавала правесці нейкія свае спартовыя мерапрыемствы. Падчас меркаванага пікету, ад 18-й да 19-й гадзіны, на гарадскім стадыёне не ладзіліся нейкія масавыя спартовыя мерапрыемствы, якім мог бы перашкодзіць наш пікет каля ўваходу на стадыён.
Што датычыць адсутнасці копіі дамовы з міліцыяй, то згодна з пастановай Савета Міністраў №207, гэта павінен рабіць сам раённы выканкам.
За 17 гадоў бярозаўскія раённыя ўлады не далі ніводнага дазволу праваабаронцам і грамадскім актывістам на правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Беларускае Радыё Рацыя