За 2 свечкі да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы – 30 сутак арышту



У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 10-ці суткамі арышту пакаралі  24-гадовую Лізавету Кірыенка, і 20-цю суткамі арышту – 19-гадовую Марыю Амасовіч. 26-га красавіка Марыя запаліла дзве свечкі і пакінула іх на ганках Уваскрасенскай царквы, Лізавета ўсяго толькі стаяла побач з сяброўкай. Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў абедзвюх дзяўчат удзельніцамі несанкцыянаванага пікета.

Ягоны вырак дужа абурыў усіх прысутных на судовым працэсе, у тым ліку віцебскага актывіста Міколу Качурца:

– Фашыстоўскі рэжым, таму і караюць! Дзяўчаты вінаваты хіба ў тым, што нарадзіліся ў гэтай краіне пры гэтай уладзе, таму яны загадзя ўжо  вінаватыя… А Чарнобыль – гэта святое, і трэба ўшанаваць нашыя ахвяры. Пацярпеў вельмі наш народ, абавязкова памяць гэтую трэба берагчы і ўшаноўваць!

Лізавета Кірыенка і Марыя Амасовіч з 26-га красавіка знаходзяцца ў віцебскім следчым ізалятары. Суд праходзіў праз скайп. Як запісана ў міліцэйскіх пратаколах, запаліўшы свечкі, дзяўчаты “выразілі свае погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця”. Таксама ў пратаколах адзначана, што абвестка з заклікам запальваць свечкі каля храмаў у памяць пра трагедыю ў Чарнобылі былі размешчаны ў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах.  Для міліцыі і суду гэта стала дадатковым доказам вінаватасці віцебскіх дзяўчат. Да ўсяго, учора дома ў Лізаветы Кірыенкі быў праведзены ператрус у межах крымінальнай справы, распачатай супраць невядомых асобаў, якія пакідаюць на сценах надпісы палітычнага зместу.  

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск