За 25 дзён вакол Беларусі
Як за 25 дзен сваім ходам аб’ехаць Беларусь па яе мяжы распавядалі ў Берасці. Тут у офісе агенцтва рэгіянальнага развіцця ’’Дзедзіч’’ прайшла прэзентацыя праекту “Вакол Беларусі на роварах з маторамі’’.
Яна сабрала некалькі дзясяткаў маладзёнаў – аматараў вандровак і прыгодаў. Галоўныя героі мерапрыемства – хлопцы, якія дзеляцца сваімі карыснымі парадамі для любога турыста і паказваюць відыё.
“Мы вандруем на звычайных беларускіх роварах, да якіх прыстасаваныя маторы”, – распавёў адзін з раварыстаў Барыс Мікалайчык:
– І вось на такім харызматычным транспарце мы ўжо 25-ы дзень калясім па нашай Радзіме. Мы праехалі ад горада Ворша да Берасця, дзе мы зараз знаходзімся. Ехалі ўздоўж мяжы па маленькіх дарогах – мы пазбягаем вялікіх трас, бо гэта нецікава і даволі небяспечна. Едзем праз вёскі, размаўляем з людзьмі, атрымліваем асалоду ад прыгажосці.
Раварысты-вандроўнікі па выніках праекту збіраюцца выпусціць дакументальны веласерыял. Плануецца, што яго можна будзе пабачыць у адкрытым доступе ў Інтэрнэце.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота dzedzich.org