За 5 гадоў на паляванні загінулі 14 грамадзян і 15 атрымалі раненні



Паляўнічыя і рыбакі самі робяцца ахвярамі сваіх прыладаў здабычы. Па звестках Міністэрства па надзвычайных справах, сёлета трое грамадзян, аматараў рабылкі, загінулі. Галоўная прычына трагедый – неасцярожнасць пры выкарыстанні рыбалоўчых прылад.

Здараюцца непрыемныя сітуацыі і ў паляўнічых, калі пры групавым паляванні, калегі падстрэльваюць адзін аднаго. Такія выпадкі пераважна здараюцца пад уздзеяннем алкаголю. „Менавіта таму ў апошні час узмацняецца адказнасць за ўжыванне алкаголю ў час палявання”, – адзначыў інструктар Таварыства паляўнічых і рыбаловаў Уладзімір Якімук.

– Знаходжанне паляўнічага ва ўгоддзях і ўвогуле ўладальніка зброі з зараджанай зброяй у нецвярозым стане прыводзіць да накладання штрафу, альбо адміністацыйнага арышту, альбо канфіскацыі зброі. У нас прадугледжана таксама пакаранне за адмову ад медычнага агляду. Таксама прадугледжана пазбаўленне права на ўладанне зброяй на два гады – з канфіскацыяй альбо без канфіскацыі.

Па звестках Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, у Беларусі за перыяд з 2011 па 2015 гады на паляванні загінулі 14 грамадзян і 15 атрымалі раненні.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя