За абарону незалежнасці Таццяну Севярынец аштрафавалі на 1620 рублёў
Гэта агульная сума двух штрафаў па 30 базавых велічынь, накладзеных на актывістку за ўдзел у акцыях за суверэнітэт Беларусі, якія адбыліся ў Менску 20 і 21 снежня. Адміністрацыйныя справы разбіраў у судзе Першамайскага раёна Віцебска суддзя Міхаіл Юрчанка. Ён пастанавіў, што Таццяна Севярынец парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле 1 часткі артыкула 23.34 КаАП.
Актывістка з рашэннем суду не згодная, і свае віны не прызнае:
– Судзяць за тое, што я неаднаразова выходзіла на абарону незалежнасці Беларусі! Судзяць як звычайнага злачынцу і парушальніка законаў. Якіх? Усе законы на маім баку! Я маю права рабіць і казаць усё, што лічу патрэбным. І бараніць незалежнасць маёй краіны ў тым ліку, і перш за ўсё!
Усе тыя, каго судзяць і ўжо асудзілі да «сутак» і «штрафаў» за акцыі ў падтрымку суверэнітэту Беларусі, насамрэч маюць права на падобныя ўчынкі, лічыць праваабаронца Павел Левінаў:
– У людзей ёсць правы – правы на мірныя сходы і на выказванне меркаванняў. Гэтыя правы гарантаваныя міжнароднымі пагадненнямі. Аднак суды ў нас чамусьці кіруюцца толькі нацыянальным заканадаўствам – Законам аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь, які не адпавядае міжнародным абавязацельствам нашай краіны.
За ўдзел у менскіх акцыях у падтрымку суверэнітэту Беларусі чакаюць судоў яшчэ некалькі жыхароў Віцебска. Выклікі ў міліцыю пачалі атрымліваць і ўдзельнікі акцыі за незалежнасць краіны, якая адбылася 29 снежня на Плошчы перамогі ў Віцебску.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя