За абразу міліцыянтаў суд пакараў цяжарную паўтара гадамі абмежавання волі
У судзе Фрунзенскага раёна Менска 11 сакавіка абвешчаны прысуд Дар’і Захар, якую абвінавачвалі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Суддзя Андрэй Млечка прыгаварыў жанчыну да аднаго з паловай года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама суд пастанавіў спагнаць з яе на карысць пацярпелых кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1000 рублёў кожнаму і 174 рублі дзяржпошліны.
Паводле абвінавачання, 16 ліпеня 2020 года Дар’я Захар размясціла ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” каментар са словам „быдла” на адрас старшага інспектара УУС Пружанскага райвыканкама Сяргея Каляды і ўчастковага інспектара таго ж УУС Тарасевіча. На думку дзяржабвінаваўцы, тым самым Дар’я Захар публічна абразіла супрацоўнікаў АУС у сувязі з выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў”.
Абодва пацярпелыя ў суд не з’явіліся, аднак падалі заявы з просьбай разгледзець справу пры іх адсутнасці па раней дадзеных паказаннях.
Праваабаронцы падкрэслілі, што абвінавачаная знаходзіцца на чацвёртым месяцы цяжарнасці. „Кажа, што ў яе дзеяннях не было намеру, не ўсведамляла, што сацыяльныя сеткі — гэта публічная прастора і што выказванні там прыраўноўваюцца да публічных. Таму віну прызнае не цалкам”.
Беларускае Радыё Рацыя