“За адданасць прафесіі” ўганараваныя берасцейскія журналісты
Берасцейскія журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава сталі пераможцамі конкурса “За адданасць прафесіі” Гомельскай філіі “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.
Журы адзначыла дыпломам аўтараў рэзанансных матэрыялаў пра пратэсты супраць акумулятарнага завода, а таксама матэрыял-расследаванне пра схемы паставак беларускіх прадуктаў у анексаваны Крым у абыход украінскага заканадаўства. Гомельскі журналіст Яўген Меркіс стаў лаўрэатам конкурса “За адданасць прафесіі” ў 2017 годзе за прамыя трансляцыі з маршаў “недармаедаў”.
– Безумоўна, гэта дадатковы стымул для любога журналіста, калі ягоная праца ацэньваецца, тыя высілкі, якія часта даводзіцца журналістам Беларусі, асабліва незалежным, прыкладаць, каб зрабіць матэрыял, тыя перашкоды, з якімі даводзіцца сутыкацца і пераадольваць. І калі гэта ўсё нейкім чынам адзначаецца, гэта вельмі прыемна і надае сілы, каб надалей нешта рабіць.
Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі адзначае, што праца сёлетніх пераможцаў вельмі заўважная на рэспубліканскім роўні.
– Сёлета нечакана, а можа і чакана, гучыць тэма акумулятарнага завода ў Берасці. Вялізнай колькасцю штрафаў пакараныя Мілана і Алесь, таму, я думаю, уручэнне гэтай прэміі для іх вельмі важна. І проста таму, што сёння яны ў Беларусі вядомыя як самыя пераследаваныя журналісты ў гэтым годзе за супрацу з замежнымі медыя.
Конкурс “За адданасць прафесіі” Гомельскай філіі БАЖ быў заснаваны ў 2009 годзе ў памяць выдаўца і журналіста Уладзіміра Вербавікова. Кожны год дыпломам узнагароджваюцца журналісты незалежных СМІ, якія, насуперак перашкодам, асвятляюць рэзанансныя тэмы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель